У Бялынічах пачалася падрыхтоўка да Дня пісьменства

2 марта 2020
Фрэску "Узыходжанне на Галгофу", выратаваную з разбуранага  касцёла XVII стагоддзя ў Бялынічах, упершыню пакажуць удзельнікам Дня пісьменства. Райцэнтр сёлета прымае эстафету свята. Рэканструкцыю твора праводзяць мсціслаўскія рэстаўратары. Усяго было выратавана тры фрэскі, іх часткі былі перанесеныя на новую аснову. Адна з іх - "Праабражэнне Гасподняе" - упрыгожвае экспазіцыю Музея імя Масленнікава ў Магілёве. У цэлым Бялынічы да свята зменяцца.

Дзмітрый Давыдаў, намеснік старшыні Бялыніцкага райвыканкама: "Гэта рэканструкцыя і бягучы рамонт шматлікіх вуліц горада. Уезд у горад Бялынічы істотна зменіцца. У прыватнасці, вуліца Мічурына. Прадугледжваюцца і веладарожкі, і новае асфальта-бетонавае пакрыццё, і новыя тратуары. Далей - цэнтральная вуліца Савецкая. Таксама прадугледжваецца поўная маштабная рэканструкцыя гэтай вуліцы. Вядома ж, мы гэта робім для нас саміх і для нашых гасцей. Каб Бялынічы вельмі істотна змяніліся".

У Бялынічах да свята з'явяцца вялікая канцэртная пляцоўка, новы ліпавы гай і раённы музей. А таксама будзе абноўлены стадыён і музей Бялыніцкага-Бірулі.