У Белтэлерадыёкампаніі завяршылася праслухоўванне ўдзельнікаў нацыянальнага адбору на дзіцячае "Еўрабачанне"

20 августа 2019

Літаральна паўгадзіны таму ў Белтэлерадыёкампаніі завяршылася праслухоўванне ўдзельнікаў нацыянальнага адбору на дзіцячае "Еўрабачанне".

У студыі "600 метраў" юныя таленты прадэманстравалі свае кампазіцыі прафесійнаму журы. У складзе судзейскай калегіі музыканты, кампазітары, удзельнікі "Еўрабачання" мінулых сезонаў, прадзюсары. Згодна з палажэннем конкурсу, адборачны тур прайшоў у рэжыме жывога гуку ў суправаджэнні фанаграмы з музыкай і бэк-вакалам, які не дубліруе  голас саліста. Усяго на адрас медыяхолдынга паступілі 44 заяўкі. Сярод кандыдатаў як сольныя выканаўцы, так і калектывы. Па выніках праслухоўвання суддзі вызначаць ад сямі да дзесяці фіналістаў. Іх імёны стануць вядомыя сёння  ў 19-гадзінных навінах.

Шчасліўчыкі прымуць удзел у выніковым гала-канцэрце. Ён пройдзе не пазней за  27 верасня. Пераможца праекта будзе вызначаны па выніках галасавання гледачоў і журы. Нагадаем, лідар прадставіць нашу краіну на дзіцячым "Еўрабачанні" 24 лістапада ў польскай Глівіцэ.