У Белтэлерадыёкампаніі пройдзе фінал нацыянальнага адбору дзіцячага "Еўрабачання-2018"

31 августа 2018

Беларусь гатова выбраць голас дзіцячага "Еўрабачання-2018". Сёння ў Белтэлерадыёкампаніі, якая з'яўляецца арганізатарам шоу і адзіным у краіне членам Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза, пройдзе фінал нацыянальнага адбору. Якая атмасфера пануе ў студыі "600 метраў", нюансы падрыхтоўкі фіналістаў і кадры, што не ўвойдуць у прамы эфір, - у рэпартажы Дар'і Тарасавай.

Хто праспявае на дзіцячым "Еўрабачанні" ў Мінску? Сёння гэтае пытанне найбольш абмяркоўваецца ў музычнай супольнасці. Пакуль прыхільнікі песеннага форуму выбіраюць сваіх фаварытаў, студыю на Макаёнка, 9 залівае гарачае святло сафітаў. З раніцы тут праходзяць прагоны з выканаўцамі. Гук, святло, графіка - на рэгуляванне кожнага параметра вакалістам адведзены індывідуальны час. Кансультуюць профі, каманда галоўнага медыяхолдынга краіны.

У фінале праспяваюць удзельнікі міжнародных вакальных праектаў і тыя, хто марыў трапіць на наш нацыянальны адбор. 8 сольных выканаўцаў і 2 вакальныя калектывы. Большасць родам з Мінска. Падтрымліваюць амбіцыйных вакалістаў старэйшыя калегі па цэху - прадстаўнікі Беларусі на дарослым "Еўрабачанні".

Грувасткіх дэкарацый няма. Галоўная сцэна нацыянальнага адбору ўразіць светлавым кантэнтам і канцэптуальным відэаэрадам, які будзе транслявацца на святлодыёдных экранах ззаду выканаўцаў.

Пад прыцэлам кожная нота і эмоцыя. Фіналістаў фіксуюць з дзевяці пунктаў. За некалькі гадзін да фіналу ў студыі "600 метраў" пройдзе генеральная рэпетыцыя, якую правядуць без тэхнічных паўз. Прагон будзе максімальна набліжаны да прамога эфіру, які стартуе на "Беларусь 1" у 22 гадзіны.

50 на 50. Голас краіны вызначаць шляхам галасавання экспертаў і гледачоў. Тэлефонныя нумары ў прамым эфіры назавуць вядучыя шоу. Імя трыумфатара нацыянальнага адбору Беларусь даведаецца апоўначы. Ужо ў лістападзе пераможца адправіцца штурмаваць "Мінск-Арэну", дзе прадставіць нашу краіну на дзіцячым конкурсе песні "Еўрабачанне-2018".