У Беластоку адбыўся XXIII Усяпольскі фестываль беларускай песні

16 марта 2016

Беларускія песні і харэаграфія сабралі аншлаг за мяжой. У оперным тэатры Беластока адбылася самая доўгачаканая музычная падзея гэтага года - XXIII Усяпольскі фестываль беларускай песні. Больш за дваццаць калектываў прынялі ўдзел у фінальным гала-канцэрце. Дарэчы, за права выступіць на цэнтральнай сцэне змагаліся каля шасцідзесяці ансамбляў, дуэтаў і сольных выканаўцаў.

Рэпартаж Дзмітрыя Смірнова.

Аматары беларускай культуры збіраліся каля беластоцкага опернага тэатра яшчэ задоўга да першага званка. Сярод вялікай колькасці культурных мерапрыемстваў, якія ладзіць беларускае таварыства ў Польшчы, менавіта гэты песенны фестываль з’яўляецца найбольш аўтарытэтным як сярод гледачоў, так і сярод выканаўцаў.

Ян Сычэўскі, старшыня Беларускага грамадска-культурнага аб’яднання ў Польшчы: "Для кожнага выканаўцы беларускай песні вялікі гонар удзельнічаць у фестывалі, а тым больш удзельнічаць у вялікім гала-канцэрце ў оперным тэатры. Першы конкурс беларускай песні адбыўся ў Польшчы 46 гадоў таму - у 1970-м. З таго часу ён змяніў свой статус на фестывальны, і зараз музычны вернісаж збірае ўдзельнікаў амаль з усёй краіны".

Аляксандр Авяр’янаў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Польшчы: "Гэта робіцца і для беларусаў з Беларусі і для беларусаў з Польшчы. Для таго, каб Беларусь, беларусы ў свеце былі пазнаныя як нацыя, і беларусы Польшчы - адзіная частка гэтага аб'яднання беларусаў свету. Гэта робіцца і нашай дзяржавай, і мы заўсёды падтрымлівалі і будзем падтрымліваць беларусаў ва ўсім свеце".

Сёлета амаль з шасцідзесяці намінантаў на заключнае выступленне прайшлі каля дваццаці. Добрай традыцыяй стала запрашаць на гала-канцэрт і вядомыя беларускія калектывы.

І гэтая мода на беларускую культуру перадаецца праз пакаленні.

Арганізатары фестывалю заўважылі пазітыўную тэндэнцыю - з кожным годам сярод удзельнікаў канцэрта беларускай песні ў Польшчы ўсё больш моладзі.

Гэта амаль што маладзёжны трэнд. Напрыклад, юныя спявачкі з польскага горада Бельск-Падляскі не проста выконваюць беларускія песні. Яны вывучаюць беларускую мову і гісторыю. Нават выпускныя экзамены ў іх праходзяць на мове Купалы і Коласа.

Марта Зінкевіч, ліцэістка агульнаадукацыйнага ліцэя імя Б. Тарашкевіча г. Бельск-Падляскі (Польшча): "Тры апошнія гады мы мелі магчымасць удзельнічаць у адборачных турах фестывалю беларускай песні, але толькі сёлета нам так пашчасціла і мы адкрывалі гала-канцэрт. І мы вельмі задаволеныя".

Амаль адразу пасля гала-канцэрта калектывы распачнуць падрыхтоўку да новага музычнага сезона. Артысты кажуць, што з радасцю адправіліся б у гастрольны тур і па беларускіх гарадах.