У беларускай сталіцы адкрыецца маштабны форум

20 августа 2013

На парадку дня рашэнне праблем славянскай культуры. І сёння Мінск прымае першых гасцей юбілейнага Міжнароднага з'езду славістаў. Такое мерапрыемства Беларусь прымае ўпершыню. Форум ужо назвалі найважнейшай не толькі навуковай, але і культурнай падзеяй года. І тое, што ў ім прымуць удзел больш за 600 навукоўцаў з усяго свету, гаворыць аб яго высокім узроўні. Наша здымачная група адна з першых сустрэлася са знакамітымі гасцямі.



Іх імёны вядомыя ў свеце, а даследаванні даюць развіццё вялікаму комплексу гуманітарных навук. У Мінску на юбілейным - 15-м - Міжнародным з'ездзе славістаў збяруцца каля 800 вучоных з 35 краін свету. Віп-гасцей сустракалі сёння ў сталічных гатэлях. Сярод вучоных першай велічыні Герд Гэнчэль. Прафесар, лінгвіст. Сорак гадоў займаецца славістыкай. Аўтар больш за 100 навуковых работ.


Цікава, што славістыкай сёння займаюцца вучоныя, краіны якіх нельга аднесці да славянскіх. Мяркуйце самі - Вялікабрытанія, Германія, Ізраіль, Іспанія, Італія, Канада і іншыя. Тэма выклікае няштучны інтарэс, кажа японец Ічара Іта, для якога беларускі фальклор, здаецца, павінен быць недзе далёка. Але не - гэта як раз яго навуковы інтарэс.


Міжнародныя з'езды славістаў - буйнейшыя навуковыя форумы, дзе абмяркоўваюцца праблемы развіцця славянскіх моў, літаратур, культур і фальклору. Іх праводзяць кожныя пяць гадоў па чарзе ў розных славянскіх краінах, пачынаючы з 1929 года. Гасціннай гаспадыняй з'езду гэты раз упершыню стала Беларусь, якая зараз актыўна ўмацоўвае статус незалежнай славянскай краіны са сваёй адметнай мовай, арыгінальнай мастацкай літаратурай, багатай гісторыяй і духоўнай спадчынай.


Як самастойны навуковы напрамак славістыка ўзнікла ў канцы18 стагоддзя. Даследаванні беларускіх вучоных занялі ў ёй пачэснае месца. Знаёміцца з сучаснымі навуковымі работамі госці форуму будуць на працягу сямі дзён. Заўтра форум адкрыецца ўрачыста. Праблемныя тэмы загучаць у дакладах. Што трэба зрабіць для ўмацавання славянскага адзінства - абмяркуюць за круглымі сталамі. У праграме таксама шматлікія экскурсіі па самабытных і гістарычных месцах Беларусі, арыгінальныя выставы.