У Беларускай дзяржакадэміі музыкі прэзентавалі калекцыйны раяль Steinway

10 октября 2017

Беларуская дзяржакадэмія музыкі адкрывае 85-ы сезон. І афіцыйна прэзентуе адно з лепшых сваіх набыццяў - калекцыйны раяль сусветна вядомага брэнда Steinway. Інструмент - агульны падарунак ВНУ ад Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі і пазабюджэтных сродкаў кансерваторыі. Адной з першых яго пачула Наталля Бардзілоўская.

Steinway & Sons - інструмент з амаль 200-гадовымі традыцыямі. У сярэдзіне 19 стагоддзя нямецкі імігрант-чырванадрэўшчык Хайнрых Энгельхард Штайнвег заснаваў легендарную кампанію ў Нью-Йорку, але з часам яго правапераемнікі перавезлі вытворчасць на радзіму, у Гамбург. Такім чынам, гэта класічная нямецкая марка, якая пастаўляе свае інструменты каралеўскім дварам Вялікабрытаніі, Іспаніі, Швецыі. Калекцыйным Стэйнвеем валодаў кампазітар Ферэнц Ліст. У мінулым стагоддзі Джордж Майкл і Джон Ленан трымалі раяль, як прэстыжны іміджавы атрыбут.

Кошт гэтага інструмента на сённяшні дзень складае больш за 222 тысячы долараў. Штучны тавар і ў грашовым эквіваленце, і ў прапанаваных для выканання якасцях. Аўтар запатэнтаваў свае сакрэты: будову ўнікальнага корпуса фартэпіяна, фактуру рэзанансных дэк, зробленых уручную. У Стэйнвея ўнутраная чыгунная рама вагой 140 кілаграмаў. Сумарнае нацяжэнне струн здольна вытрымаць 16 тон. Малаточкі з лямца. І кожны раяль - з адзінага драўлянага масіву, часцей гэта клён.

На Беларусі Стэйнвеяў па пальцах пералічыць: тры ў філармоніі, адзін на Беларускім радыё, два ў Вялікім тэатры. З абласных цэнтраў гранд-раялем можа пахваліцца толькі Віцебск. Беларуская акадэмія музыкі да сённяшняга дня валодала сямі ўнікальнымі канцэртнымі Yamaha.

З гэтага дня кансерваторскі Стэйнвей - у рэестры унікальных, не прыватнага парадку, ганаровых інструментаў фірмы. Інфармацыя пра беларускі раяль і яго далейшы лёс будзе адсочвацца ў Гамбургу. Цікава, але з 1870 года кампанія стала фарміраваць свой спіс выканаўцаў - стваральнікам важна, хто будзе папулярызаваць іх твор. Гарантыі на карыстанне раялем прапісаны ў сертыфікаце, які сёння быў урачыста перададзены нашаму боку ад афіцыйных прадстаўнікоў кампаніі Стэйнвей.

Права першага дакранання да інструмента сёння ў мэтраў фартэпіяннага мастацтва і таленавітых навучэнцаў, адзначаных перамогамі на міжнародных конкурсах. Стэйнвей - грунтоўны набытак у немалую калекцыю асабліва каштоўнага інструментарыя, якім валодае кансерваторыя. Цымбалы, тубы, балалайкі, флейты. У калекцыі 46 адзінак, сярод іх самыя ў грашовым эквіваленце дарагія: марымба Yamaha, арфа Salvi Harps, скрыпка Гварнеры.