У Беларускім Музычным тэатры сёння мюзікл "Джэйн Эйр"

19 Снежня 2016

Самая тэхналагічная прэм'ера - у Беларускім Музычным тэатры. Сёння гледачы ўпершыню ўбачаць мюзікл "Джэйн Эйр", прадзюсаваў  які расійскі кампазітар Кім Брэйтбург. На генеральнай рэпетыцыі пабывала Вольга Мядзведзь.

Англійскі раман Шарлоты Бронтэ "Джэйн Эйр" у нотах. На сцэне Музкамедыі першае інструментальнае гучанне кнігі. Вядомы сюжэт пра дзяўчыну-сірату ў музычнай версіі належыць Кіму Брэйтбургу, а лібрэта паводле празаічнага твора - Карэну Кавалерану.

Два гады таму аналагічную прэм'еру прапанавалі ў тэатры "Маскоўская аперэта". Беларуская "Джэйн Эйр" не дакладная копія.  Аб'ядноўвае спектаклі сюжэт і музыка.  Для стварэння арыгінальнага мюзікла ў Мінск прыехала новая пастановачная група з Расіі.

Спектакль стаў самым маштабным і тэхнічна складаным ў рэпертуары. Больш за сотню пар абутку і касцюмаў, шматузроўневыя аб'ёмныя дэкарацыі на некалькі планаў, на пляцоўцы амаль уся тэатральная трупа. Толькі для антуражу было закуплена дзве тысячы штучных лілей для кветкавых кашпо і пано. Не абышлося і без сучасных тэхналогій. У гатычных англійскіх замках з'явіліся відэапраекцыі і 3D-малюнкі.

Рэпетыцыі распачалі яшчэ вясной, да тэрміна здачы спектакля ледзь паспелі. Некаторыя дэталі афармлення давозілі яшчэ напярэдадні. Джэйн Эйр - цэнтральны персанаж гатычнай гісторыі. Выканаўцаў галоўнай ролі знайшлі не ў трупе тэатра, а дзякуючы кастынгу.