У Белдзяржфілармоніі сёння сустрэча са знакамітым швейцарскім дырыжорам

16 октября 2014

Краіна, у якой прайшоў першы конкурс песні Еўрабачання і быў запісаны апошні альбом Фрэдзі Мерк'юры - Швейцарыя - сёння адкрые сябе беларусам з боку акадэмічнага мастацтва. У Белдзяржфілармоніі - сустрэча са знакамітым швейцарскім дырыжорам і музыкантам у стылі класік. Ацаніла праграму Наталля Бардзілоўская.


Выпускнік Міланскай і Венскай кансерваторый Лука Пфаф са Швейцарыі ўжо больш як 30 гадоў за дырыжорскім пультам. З'яўляючыся запрошаным дырыжорам Нацыянальнай оперы Францыі і камерных аркестраў Турына і Рыма, маэстра калекцыянуе прафесійныя ўражанні, супрацоўнічаючы з калектывамі з розных краін: Іспаніі, Грэцыі, Нарвегіі. І вось зараз - Беларусі!


Знаёмству аркестра пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава і швейцарца Лукі Пфафа ўжо некалькі гадоў. Тры гады таму беларускі калектыў гасцяваў з канцэртамі ў Швейцарыі, дзе сваім майстэрствам і эмацыянальнасцю літаральна ўлюбіў у сябе і публіку, і дырыжора.


Лука Пфаф, дырыжор, Швейцарыя:


Гэта вельмі матываваны на поспех калектыў. Адчуваецца вялікі вопыт працы - яны іграюць любую музыку, вельмі моцная струнная група. Мы сумесна сфарміравалі праграму, якая была б цікавая вашаму слухачу: Пракоф'еў, Брамс, Анегер.


Адкрыццём канцэрта еўрапейскай класікі стане знаёмства з сучаснай музыкай Швейцарыі. Яе прадставіць Багатэль лаўрэата шматлікіх музычных прэмій кампазітара Франчэска Хоха.


У галіне музычнага супрацоўніцтва беларуска-швейцарскі канцэрт - першы крок. У цэлым культурнае супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі развіваецца на працягу апошніх гадоў, ужо ажыццёўлена некалькі выставачных і літаратурных праектаў.