У Белдзяржфілармоніі прайшоў дзясяты праект-канцэрт сталічнай дзіцячай музычнай школы імя Глебава

25 февраля 2015

Маленькія музыканты на вялікай сцэне. Сёння ў галоўнай зале Белдзяржфілармоніі прайшоў традыцыйны, ужо дзясяты праект-канцэрт сталічнай дзіцячай музычнай школы імя Глебава. "Музыка народаў свету" - за назвай выступлення паўтарагадзінная праграма, якая аб'яднала лепшыя ўзоры музычнай класікі і народнай музыкі розных краін - Расіі і Украіны, Кітая і Польшчы, Францыі і Венесуэлы.

Канцэрт аб'яднаў практычна ўсіх навучэнцаў школы і іх педагогаў. На сцэну выйшлі два аркестры - камерны і народны, тры харавыя калектывы - малодшы, старэйшы і хор хлопчыкаў, а таксама інструментальныя ансамблі і шматлікія салісты. Большасць музыкантаў - лаўрэаты міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, стыпендыяты фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Па традыцыі гледачамі праграмы "Музыка народаў свету" сталі прадстаўнікі пасольстваў розных дзяржаў у нашай краіне.