У Беларусі адновяць Тураўскі крыж

18 июня 2017

Галоўная духоўная навіна тыдня: у Беларусі адновяць адну са святынь нацыі - Тураўскі крыж. Пра гэта заявіў Прэзідэнт краіны падчас наведвання Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. "Галоўны эфір" першым паказвае старажытныя рарытэты - складальнікі таго самага крыжа. Дарэчы, ужо створаная рабочая група прадстаўнікоў Беларускай праваслаўнай царквы для садзейнічання ва ўзнаўленні рарытэту. Прыцягнутыя і спецыялісты, якія працавалі над рэканструкцыяй адной з галоўных нацыянальных святынь, - крыжа Ефрасінні Полацкай.

А зараз эксклюзіўныя кадры "Галоўнага эфіру". Толькі для нашай здымачнай групы прафесар Пётр Лысенка прадэманстраваў сваю версію ўзноўленага крыжа з чатырма знойдзенымі яшчэ свінцовымі абразкамі. На адным з іх - святы, епіскап Турава і апякун той зямлі Кірыла Тураўскі. Напрастольны крыж накшталт знакамітага крыжа Ефрасінні Полацкай у XII-XIII стагоддзях знаходзіўся ў кожнай з епархій, у тым ліку і Тураўскай. Захоўвалася святыня ў галоўным епархіяльным храме. У Тураве ён быў разбураны падчас землетрасенняў у 1230 годзе.

Крыж быў упрыгожаны пяццю свінцовымі абразкамі. Сёння знойдзена, як мы ведаем, чатыры. Пошукі пятага працягваюцца. Меркавана, на ім быў намаляваны Іаан Прадцеча.