У Беларусі стартаваў 22 Мінскі міжнародны кніжны кірмаш

11 февраля 2015

Адзін з найбуйнейшых літаратурных форумаў свету сабраў у беларускай сталіцы каля 400 экспанентаў з амаль 30 краін. Форум - інтэрактыўны і не абмяжоўваецца толькі выставамі кніжнай прадукцыі і прэзентацыяй стэндаў. У рамках кірмашу пройдуць шматлікія творчыя сустрэчы.

Наталля Бардзілоўская – з падрабязнасцямі.

Першыя крокі ўдзельнікаў 22 Мінскага міжнароднага кніжнага кірмашу – па музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта сімвалічны пачатак пісьменніцкай сустрэчы. Па-першае, гераічнае мінулае – тэма творчасці амаль кожнага з прысутных, а літаратары з’ехаліся з усіх краін былой савецкай прасторы. Па-другое, сёлетні кніжны кірмаш праходзіць пад знакам 70-годдзя Вялікай Перамогі.

На гэтай ўражальнай экскурсіі пішучыя госці з Расіі, Казахстана, краін Балтыі, Ізраіля, Італіі – упершыню. Каменныя старонкі музейных барэльефаў і стэнды мемарыяла для многіх адкрылі знаёмыя імёны – родзічаў і землякоў.

У ваенныя саракавыя тэрыторыя Беларусі аб’яднала нацыі і стала месцам агульнага подзвігу многіх народаў. Сёння Мінск сабраў амаль 40 вядучых літаратараў свету на сімпозіум пад тэмай “Пісьменнік і час”. На працягу трох дзён міжнародная інтэлігенцыя абмяркуе вострыя пытанні – як ўзмацніць ролю пісьменніцкага слова ў вырашэнні сучасных глабальных праблем і як дзейсна ўплываць на выхаванне новага пакалення.