У Беларусі святкуюць Дзень працаўнікоў культуры

8 октября 2017

Сёння сваё прафесійнае свята адзначаюць стваральнікі культурных каштоўнасцяў, захавальнікі духоўнай спадчыны і даследчыкі нацыянальных традыцый нашага народа. Дзень працаўнікоў культуры ў Беларусі святкуюць каля 70 000 чалавек. Учора самыя яркія прадстаўнікі галіны з усіх рэгіёнаў краіны з'ехаліся ў Мінск на ўрачысты вечар, прысвечаны святу. Музыкантаў, мастакоў, супрацоўнікаў музейнай, тэатральнай і кінасферы, працаўнікоў адукацыйных устаноў у галіне культуры ўшаноўвалі ад імя Савета Міністраў і Нацыянальнага сходу Беларусі, Міністэрства культуры і Адміністрацыі Прэзідэнта. Са сцэны прагучала віншаванне ад імя Кіраўніка дзяржавы. Ганаровыя граматы, значкі і кветкі ў гонар свята былі ўручаныя лепшым прадстаўнікам культурнай сферы.

Новы міністр культуры Беларусі пазначыў асноўныя прыярытэты працы на найбліжэйшы час. Гэта рашэнне пытання даўгабудаў: завяршэнне рэканструкцыі Косаўскага замка, Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", будаўніцтва Музейнага квартала і спартыўна-культурнага цэнтра Універсітэта культуры ў Мінску. Таксама асаблівая ўвага будзе накіраваная на задачы, пастаўленыя Рэспубліканскім педагагічным саветам, і на эстэтычнае выхаванне маладога пакалення.