У Беларусі адзначаюць Міжнародны дзень тэатра

27 марта 2015

Сваё прафесійнае свята - Міжнародны дзень тэатра - у Беларусі адзначаюць працаўнікі 28 прафесійных і некалькіх тысяч самадзейных тэатраў краіны. Для большасці тэатралаў іх свята праходзіць у будзённым рытме - на працы, на сцэне, у сустрэчах з гледачом. Аднак асаблівымі ўрачыстасцямі сённяшні Дзень тэатра ўсё-такі быў адзначаны. Па традыцыі, якой вось ужо больш за 20 гадоў, імёны лепшых у тэатральным мастацтве года агучыла прэмія "Крыштальная Паўлінка".

Пяць намінацый - пяць прызоў. Хто стаў іх уладальнікамі? Даведвалася Наталля Бардзілоўская.

Ад калег – калегам. Прэмія “Крыштальная Паўлінка” – унутрыцэхавая ацэнка. Імёны тэатральнага года тут традыцыйна азначае прафесійная рада. Сёлета - гэта 15 мэтраў, якія з амаль паўсотні намінантаў з усёй Беларусі тайным галасаваннем абралі толькі пяцёрку лаўрэатаў.

Усе прызы ўмясціліся на маленькім століку ў вугле сцэны. У невялічкай зале Тэатра беларускай драматургіі - далёка да аншлагу: усяго з пару дзясяткаў прысутных. Вольны дрэс-код і ніякай помпы. Ні цырымонія, хутчэй – камерная сустрэча па-сямейнаму.

На прадмет галоўнага прызнання - саму Паўлінку - сёлета прэтэндавала дзесяць артыстаў. Рашэнне журы - амаль аднагалоснае: прыз-сімвал у Вялікага тэатра і “Залатога барытона” Уладзіміра Пятрова.

Усе магчымыя музычныя ўзнагароды “Анегін года” - ужо ў заваяваў.

Вестку аб прызнанні Беларускім саюзам тэатральных дзеячаў спявак атрымаў далёка ад Радзімы - на гастролях. Дарагі ж крышталь са святочнай сцэны прымала яго жонка.

У 1992 гэтая тэатральная прэмія пачыналася ўсяго толькі з адной намінацыі. Першая лаўрэатка - Стэфанія Станюта. ”Паўлінкі” - у Янкоўскага, Герлавана, Аўсянікава, Луцэнкі. Адна з першых уладальніц - Наталля Гайда - сёння сама вызначае лепшых.

“Крыштальнай Паўлінцы” - 23. За гады яе сям’я падрастае. Да асноўнага прыза зорка, кветка і анёл. Уладальнікі гэтых крыштальных варыяцый ехалі ў Мінск з рэгіянальных тэатраў. Гродзенскія лялечнікі

- у асобе Святланы Баброўскай адзначаны “Крыштальным Анёлам”.

І творчыя паўвека на сцэне бабруйчанкі Жанеты Зарэмбы вянчае “Крыштальная зорка”.

Кветка ў вянку Паўлінкі - так тут жартуючы назвалі прыз за яркі дэбют.

Малады саліст балета Канстанцін Геронік - “Крыштальную кветку” прыме па вяртанні з гастроляў. Як і спецыяльны прыз “Натхненне”

- сёння на шляху да свайго ўладальніка. Арганізатара тэатральных святаў Святлана Дашкевіч з Віцебска ацанілі за лепшыя ідэі і крэатыў.

Зрэшты, за амаль два дзесяцігоддзі ў гэтай прэміі з’явілася свая правераная прыкмета: атрымаць хоць нейкі з гэтых крыштыльных прызоў - абавязкова да новага звання!