У Беларусі назвалі лепшыя выданні года

2 марта 2018

57-ы нацыянальны конкурс "Мастацтва кнігі", які сёлета аб'яднаў 147 выданняў-намінантаў з 39-ці выдавецтваў, гэтым вечарам падвёў свае вынікі.

У рамках юбілейнай XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу на галоўнай прэзентацыйнай сцэне нацыянальнага стэнда Беларусі адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў у васьмі тэматычных, чатырох спецыяльных і трох персанальных намінацыях. Сваіх уладальнікаў знайшлі Малыя і Вялікія залатыя фаліянты і дыпломы першай і другой ступеняў. Нацыянальны конкурс кнігі сёлета асабліва ацаніў выданні, што ўвасобілі нацыянальную тэматыку: тамы і альбомы, прысвечаныя прыродзе, гісторыі, культуры, фальклору беларусаў, творам айчынных аўтараў. Вышэйшую ацэнку і Гран-пры конкурсу атрымала кніга-альбом "Сусветная спадчына Францыска Скарыны" - праект выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" і паліграфкамбіната імя Якуба Коласа.

Узнагароды пераможцам уручалі вядомыя пісьменнікі, мастакі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і творчых саюзаў. Віншуючы лідараў конкурсу, яны дзякавалі за працу і талент усім спецыялістам, якія працавалі над кнігай: ад аўтараў, мастацтвазнаўцаў, укладальнікаў кніг да работнікаў выдавецтваў.