У Беларусі выдадзена персанальная энцыклапедыя "Францыск Скарына"

19 декабря 2017

Кніга тыражом тысяча пяцьсот экзэмпляраў - адзін з вынікаў года да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

Над навукова-папулярным выданнем працавалі каля 150-ці аўтараў. Сярод іх - і супрацоўнікі Гомельскага ўніверсітэта імя першадрукара. Кніга ўтрымоўвае больш за тысячу артыкулаў і каля пяці сотняў фатаграфій. Акрамя таго, плануецца, што энцыклапедыя стане даступная інтэрнэт-супольнасці.

Ігар Луцкі, першы намміністра інфармацыі Беларусі:

"Нам здаецца, будзе правільным стварыць спецыяльны праект. Персанальная энцыклапедыя Францыска Скарыны, які будзе даступны ўсёй інтэрнэт-супольнасці. Мы жадалі б, каб да гэтага працэсу былі прыцягнутыя і нейкія прыватныя арганізацыі, тыя, хто распрацоўвае сайты, мы гатовы да супрацоўніцтва".

Аляксандр Суша, намдырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, навуковы рэдактар энцыклапедыі "Францыск Скарына":

«Падрыхтоўка энцыклапедыі - гэта і навуковы праект, але гэта праект агульнаграмадскі, агульнадзяржаўны. Энцыклапедыя павінна быць даступнай, зразумелай і яснай і мова, характар падачы матэрыялу, багацце ілюстрацыйнага матэрыялу ў гэтым энцыклапедычным выданні натуральна ж арыентавана на самую шырокую публіку, таму мы называем гэту публікацыю навукова-папулярнай».

Цэлы шэраг кніг "скарыніяны" адзначаны на міжнародных кніжных і нацыянальных выставах. А выданне "Кніжная спадчына Францыска Скарыны" - перададзена ў дар бібліятэкам розных краін свету.