Студенческая лаборатория в Гомеле получила грант Президента

22 января 2020
У Беларусь вярнулася кніжная спадчына Уладзіслава Сыракомлі - паэта, перакладчыка і гісторыка літаратуры. Акрамя нашай краіны, сваім яго лічаць і ў Польшчы, і ў Літве. Нарадзіўся паэт пад Бабруйскам, вучыўся ў Нясвіжы і Навагрудку. Працаваў у Радзівілаў. Класікам літаратуры стаў пры жыцці. На радзіме, на жаль, яго кніг не так шмат. Зараз дзяржаўныя фонды папоўніліся, у тым ліку - дзякуючы дыпламатычным службам нашай краіны. Аб вяртанні нацыянальнага набытку Алена Борматава

Паўсотні выданняў Уладзіслава Сыракомлі і адзін прыжыццёвы здымак яшчэ нядаўна належалі прыватнаму калекцыянеру з Літвы. Год ішла работа па набыцці і вяртанні кніжнай спадчыны беларускага паэта на радзіму. Гэта стала магчымым дзякуючы дзяржаўна-прыватнаму партнёрству. 

Вядома, што кожная кніга ацэньвалася асобна. Сярэдні кошт - дзесьці 700 беларускіх рублёў. На канчатковую лічбу ўплывала шмат фактараў. Кожны асобнік мае пэўныя ўладальніцкія пазнакі, штампы, пячаткі. Яны могуць як павялічваць, так і змяншаць кошт прадмета. Асобна па кожнай адзінцы праводзілі экспертызу і рабілі кнігазнаўчае заключэнне. 

Аўтографаў самога Сыракомлі выяўлена не было, але з выданнямі толькі пачынаюць працаваць навукоўцы. Яшчэ могуць быць адкрыцці. На некаторых асобніках стаіць штамп Людвіка Кандратовіча - гэта сапраўднае імя паэта. Псеўданім Сыракомля ўзяў па назве герба, які належыць роду. 

Спачатку думалі набыць выключна самыя раннія - прыжыццёвыя выданні. Яны ў прынцыпе адсутнічалі ў беларускіх фондах. Гэта 20 кніг. Яны і маюць надзвычайную каштоўнасць. 

Усе асобнікі раней знаходзіліся ў адной прыватнай калекцыі. Уладальнік збору жыве ў Літве. Беларусь вяртала літаратурную спадчыну праз пасрэдніка. Вялікую дапамогу аказала наша пасольства ў Швейцарскай Канфедэрацыі. Афіцыйная прэзентацыя кніг Сыракомлі запланавана на сярэдзіну лютага.