У аграгарадку Лунін мясцовую гаворку вывучаюць у школе на ўроках беларускай мовы

29 февраля 2020
Даведацца, як размаўлялі бабулі і дзядулі 140 гадоў таму, маюць магчымасць дзеці ў аграгарадку Лунін. Мясцовую гаворку там вывучаюць у школе на ўроках беларускай мовы. Робяць гэта для таго, каб моладзь памятала пра культуру сваіх продкаў. 

Каларытны лунiнскі дыялект паслухала і Марыя Тройніч. Гэта не проста тэатральная мініяцюра: ідзе ўрок. Тэма - мова і гісторыя роднага краю. Замест малюнкаў у падручніку – музейныя экспанаты, а ў якасці настаўніка – падлеткі ў нацыянальным адзенні. Так у школе аграгарадка Лунін вывучаюць культуру продкаў. У мясцовай гаворкі свой унікальны каларыт. Так, “цырулі” азначаюць “ручай”, а фыртачкай называлі брамку варот. 

Як менавіта гаварылі бабулі і дзядулі сто сорак гадоў таму, стала вядома дзякуючы работам філолага Платона Ціхановіча, які жыў у пазамінулым стагоддзі. Ён старанна запісваў дыялогі мясцовых жыхароў. Пазней рукапіс знайшлі ў музеі і надрукавалі кнігу.  Копіі рукапісу змясцілі на сценах класа. З лунінскай гаворкай знаёмяцца на ўроках беларускай мовы. Мясцовую культуру вывучаюць у сярэдніх і старэйшых класах. 

Вядуць у школе працу і па захоўваніі матэрыяльных носьбітаў мясцовай культуры. У кабінеце гісторыі стварылі сапраўдны музей народнага побыту. У імправізаванай вясковай хаце ёсць аўтэнтычныя мэбля, посуд і кросны. Экспанаты збіралі па ўсім аграгарадку.

Напаўненнем школьнага музея займаецца ўжо трэцяе пакаленне. За пяцьдзясят гадоў урокі краязнаўства ператварылі ў гульню з вельмі значным падтэкстам. Педагогі ўпэўненыя: пакуль моладзь будзе зацікаўлена, будзе жыць і мясцовая культура.