У Віцебску ідзе жараб'ёўка конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Славянскі базар"

12 июля 2019

Фестывальны Віцебск працягвае жыць у музычным рытме! "Славянскі базар" сёння не менш яркі. Увесь дзень для гасцей  і ўдзельнікаў форуму  забавы  на любы густ і ўзрост. У афішы і канцэрты, і інтэрактывы на пешаходных вуліцах горада. І сёння, нагадаем, жараб'ёўка ўдзельнікаў міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні. Пад якім нумарам выйдзе на сцэну наш выканаўца  Ваня Зданюк?

Наш карэспандэнт Лідзія Заблоцкая  ў самым эпіцэнтры музычных падзей. Даведаемся, што зараз адбываецца на форуме.

Падзеі тут распісаны на кожную гадзіну. Зараз праходзіць жараб'ёўка вакалістаў міжнароднага  дарослага конкурсу эстраднай песні. Нагадаем, Беларусь прадставіць 20-гадовы Ваня Зданюк. Усяго ў конкурсе выступяць прадстаўнікі 18 краін. І ўсе адразу  ў фінале.

Зараз у Летнім амфітэатры спявае народны артыст Расіі Валерый Лявонцьеў. У Віцебск ён прывёз юбілейную праграму. Дарэчы, там аншлаг - усе 6  тысяч месцаў занятыя. 

І адразу пасля канцэртную эстафету прымуць "Пясняры". Як яны адзначаць сваё 50-годдзе - у каментарыі мастацкага кіраўніка ансамбля.

Не пустуе і канцэртная зала “Віцебск” - там упершыню з сольнай праграмай Аляксандр Панаётаў. Спецыяльна на "Базар" прыехалі некалькі фан-клубаў. А Аляксандр падзяліўся чаканнямі ад канцэрта.

І сёння на фестывалі першая ноч, калі жыхары Віцебска сапраўды не будуць спаць. У афішы  залаты хіт. У 01:30 будзем падпяваць Таццяне Буланавай, Таццяне Аўсіенцы і Аляксандру Саладуху. Арганізатары абяцалі толькі папулярныя песні. Але перад гэтым мы ўбачымся ў прамым уключэнні ў "Панараме" і  даведаемся асабіста ад нашага ўдзельніка, пад якім нумарам ён выйдзе на сцэну.