Дзявяты раз Беларусь далучылася да міжнароднай акцыі Ноч музеяў

19 мая 2013
Маштаб мерапрыемства быў настолькі вялікі, што ацаніць у поўнай меры ўсе прапанаваныя праграмы было даволі праблематычна.

Іна Пілевіч перадае.
Працоўны графік адмяняецца! Сёння яны не зачыняюць свае дзверы як звычайна а 19 гадзіне. Усю ноч у музеях краіны наплыў культурных пілігрымаў.
Каб трапіць сюды, набывалі білеты загадзя, а чаргу займалі яшчэ днём. Ланцужок жадаючых правесці ноч у Нацыянальным мастацкім музеі больш паходзіць на шоу фрыкаў. Наведвальнікі эпаціруюць экстравагантнымі акулярамі і абуткам. Менавіта такі дрэс-код дазваляе бясплатна зайсці ў сядзібу Шляхціча Завальні. На цёмны час сутак у Нацмузеі ажылі героі вядомага твора Яна Баршчэўскага. Дарэчы, у якасці галоўнага персанажа выступае непасрэдна дырэктар выставачнай пляцоўкі.
Задзейнічаны не толькі будынкі, але і дворыкі музеяў. У гэтую ноч галерэі дэманструюць усё, на што здольны. Можна ўбачыць карціны ў 3Д, сфатаграфавацца з жывой скульптурай і нават адшукаць папараць-кветку. Як класікаў, так і сучасных аўтараў, можна разглядзець пад джаз, рэгі, фолк. Музыканты іграюць проста сярод экспанатаў. Не клаліся спаць і самыя маленькія. У большасці музеяў арганізаваны праграмы для дзяцей з мультыкамі, клоўнамі і падарункамі.
Цэнтр сталіцы - як адзін музейны квартал. Паляўнічыя на шэдэўры мастацтва на свой густ складалі маршрут па выставачных пляцоўках. І калі ў Мінску не спала некалькі дзясяткаў галерэй, то па ўсей Беларусі да раніцы працавала больш за сотню музеяў.