У 2017 годзе свет адзначыць 130-годдзе Марка Шагала

3 декабря 2015

Кіраўніцтва Нацыянальнага музея Марка Шагала ў Ніцы і віцебскага "Арт-цэнтра Шагала" вядзе перамовы наконт сумесных праектаў у год 130-годдзя мастака. Гэтую дату свет будзе адзначаць у 2017-м. Дырэктар французскага музея Ані Допфер спецыяльна прыехала ў Віцебск, каб убачыць родны горад Шагала. Яшчэ госця хацела даведацца, ці мае горад умовы прымаць калекцыі шэдэўраў. Частка экспазіцыі музея Шагала ў Ніцы ніколі не пакідае сценаў будынка - так завяшчаў мастак. Другая ж частка яго работ рэгулярна вандруе па свеце. Плануецца, што ў 2017-м карціны ўбачаць у Беларусі.

У Віцебску госці з Ніцы наведалі "Арт-цэнтр Шагала", дзе экспануюцца графічныя работы майстра. Убачылі інтэр'ер яўрэйскага дома пачатку ХХ стагоддзя ў Доме-музеі мастака. А ў абласным мастацкім музеі пазнаёміліся з палотнамі настаўніка Шагала - Юдэля Пэна.