Даведацца сакрэты закулісся Вялікага тэатра сёння маглі тысячы беларусаў

25 мая 2015

Колькі хрустальных падвесак у галоўнай тэатральнай люстры Беларусі, якая колькасць тканіны ідзе на сукенку Жызелі, дзе захоўваюцца дзясяткі тысяч касцюмаў Вялікага тэатра? Даведацца сакрэты закулісся сёння маглі тысячы беларусаў. Упершыню за гісторыю ў свой дзень нараджэння тэатр оперы і балета запрасіў на дзень адчыненых дзвярэй.

Закулісная магія і таямніцы Вялікага - у рэпартажы Алены Борматавай.

Бравурнымі маршамі ў свой дзень нараджэння сустракае гасцей Вялікі тэатр Беларусі. І ўпершыню ладзіць дзень адчыненых дзвярэй. Першыя экскурсіі яшчэ да афіцыйнага старту праекта. Будынак архітэктара Лангбарда. 84 тысячы квадратных метраў. На варце ахоўнік мастацтваў Апалон з музамі. Агульная вага кампазіцыі – 27 тон. Роўна ў 12 дзверы адчыняюць. Амаль 2 тысячы чалавек дзеляць на 10 груп. Кожная экскурсія разлічана на гадзіну – гадзіну дваццаць.

Уладзімір Грыдзюшка, гендырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі: "Гэта вельмі важна, калі людзі зразумеюць, што такое тэатр, якім жыццём ён жыве, калі знутры паглядзяць на закуліссе і зразумеюць, што ўсё не так проста. Спектакль прыгожы, калі яго глядзяць у глядзельнай зале. А калі ён ствараецца, калі артысты рэпеціруюць, гэта неверагодна складаная праца. І гэта трэба разумець".

Афішы, якія публіка не бачыла больш за 80 гадоў, выпушчаны задоўга да адкрыцця тэатра. Першыя балетныя і оперныя вечары прайшлі на сцэне сённяшняга Купалаўскага. Там жа створаны тэатр даваў першыя спектаклі. Сучасны будынак быў закладзены ў 35 - праз 2 гады пасля стварэння тэатра оперы і балета.

Для наведвальнікаў – дзясяткі экскурсійных зон. Маршруты груп не перасякаюцца. Тэатральнае закуліссе вывелі ў фае. Грымёркі артыстаў. Вось што вабіць жанчын розных узростаў. Мастацтва грыма.

У тэатры 11 грымёраў. Пяцёра ствараюць вобраз мужчынам, шасцёра – жанчынам. Ёсць свая градацыя і ў касцюмераў. Хтосьці апранае жанчын, хтосьці - мужчын. Адны салістаў, іншыя – хор. Усяго 25 чалавек.

У Вялікім амаль 55 тысяч сцэнічных касцюмаў. Толькі за кулісамі 11 касцюмерных складоў. Строі ўсіх спектакляў. Ёсць касцюмы, якія важаць да 10 кілаграмаў. На сукенку Жызелі ідзе 16 метраў цюлю. І ні на сантыметр менш. Так шылі і сто гадоў таму.

У дзень адчыненых дзвярэй у Вялікім усё ж засталіся дзверы, зачыненыя для гледача. І для таго, каб канчаткова не страціць тэатральную магію і дзеля бяспекі як наведвальнікаў, так і тэхнічных прыстасаванняў. Самая вялікая касцюмерная. Над намі – дах будынка, пад намі – глядзельная зала і знакамітая тэатральная люстра, якая важыць 1200 кілаграмаў.

Дыяметр галоўнай люстры – 4 метры, 500 лямпачак і амаль кіламетр электрычных правадоў, 30 тысяч хрустальных падвесак з агранкай вышэйшага класа. Да прыкладу, у галоўнай люстры Марыінскага тэатра ў Пецярбургу – 27 тысяч падвесак.

Глядзельная зала змяшчае 1207 месцаў, гледачоў сёння прыйшло ў некалькі разоў больш. Каб прыняць усіх гасцей, прыйшлося б даваць некалькі спектакляў запар. Але ідэя з бясплатнымі экскурсіямі пазбавіла ажыятажу і дазволіла на свае вочы ўбачыць магію тэатра.