Ужо заўтра на беразе Дняпра па традыцыі адбудзецца вялікае свята Купалле

6 июля 2018

Александрыя зноў збірае сяброў. Ужо заўтра на беразе Дняпра на мяжы Магілёўскай і Віцебскай абласцей па традыцыі адбудзецца вялікае свята Купалле. Сёлета арганізатары маштабавалі мерапрыемства. І па колькасці месцаў для гледачоў, і па памерах гандлёвых радоў, і па часе правядзення фэсту. Гасцей свята чакае і насычаная праграма гулянняў. Творчую праграму прапануюць паўтары тысячы артыстаў з 7 краін, у тым ліку з Расіі, Прыбалтыкі, Польшчы, Германіі. Ярка будзе прадстаўленая на свяце і Украіна. Гэта і "Сарочынскі кірмаш", і выступленне коннага тэатра. Чым яшчэ здзівіць Александрыя ўжо ў гэтыя выхадныя - ведае Андрэй Ястрабаў.

У рэпертуары ансамбля песні і музыкі "Бліскавіца" з Шклова ўжо з паўсотні песень. Народныя, аўтарскія, на беларускай, рускай, украінскай мовах. Дзякуючы святу ў Александрыі з'явілася шмат сяброў. І ў гэты раз гатовыя здзівіць усіх.

Рыхтуюцца да свята і шклоўскія рамеснікі. Саломка, разьбярства. Галіна Ціханава з Гарадца абяцае сёлета сплесці ў Александрыі сотню самых дзіўных вянкоў.

Сама фэставая пляцоўка - быццам трансформер. За суткі вырастаюць па некалькі вуліц. Адным з шматлікіх сюрпрызаў цяперашняга свята стане выстава вядомых ва ўсім свеце беларускіх трактароў, у тым ліку - сучасных мадыфікацый.

Ужо заўтра ўсе гэтыя рады запоўняцца шумам майстроў і народных калектыў, а сам гарадок ператворыцца ў адну вялікую канцэртную пляцоўку.

Дарэчы, сёлета тыя, хто не трапіць у якасці гледача ў амфітэатр пад адкрытым небам, змогуць убачыць галоўнае канцэртнае дзейства - шоу пад назвай "Малая радзіма" на святлодыёдных экранах. Дарэчы, аб артыстах. Сапраўдны россып зорак едзе на Купалле ў Александрыю. І вялікая - у гэты раз 40-метровая сцэна - змесціць усіх.

А яшчэ выступленні парашутыстаў, нацыянальная кухня, выстава народных дасягненняў з самымі вялікімі беларускімі караваямі. І галоўнае, што ўсё гэта можна будзе паспрабаваць. Таму чакаюць на Купалле тут не менш як 100 тысяч гасцей. Чыгунка гатовая дапамагчы даставіць на свята ўсіх.

Завершыць першы дзень фэсту ля купальскага вогнішча маляўнічы феерверк. Але толькі для таго, каб ужо з самай раніцы 8 ліпеня прадоўжыць свята. У нядзелю ў Александрыі Дзень культуры Украіны - "Сарочынскі кірмаш" і выступленне коннага тэатра.