Ужо заўтра Беларусь выбера свой голас на дзіцячым "Еўрабачанні-2015"

20 августа 2015

Юныя артысты прапануюць на суд публікі кампазіцыі ў прамым эфіры нашага тэлеканала. Арганізатарам нацыянальнага адборачнага тура на конкурс традыцыйна выступае Белтэлерадыёкампанія - адзіны прадстаўнік Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза ў краіне. Сёння ў студыі 600 метраў адбылася рэпетыцыя, падчас якой удзельнікі ўпершыню выпрабавалі сцэну. 

Іна Пілевіч сочыць, што адбываецца за кулісамі праекта, і першай пакажа, які трафей чакае пераможца.

Фіналісты нацыянальнага адбору на дзіцячае "Еўрабачанне" літаральна "заедуць" у прамы эфір. У гэтым сезоне ўдзельнікі песеннага шоу актыўна задзейнічаюць у нумарах самакаты, веласіпеды і нават скутары. Таму на першай рэпетыцыі тэлепраекта юныя артысты або, хутчэй, іх дарослыя апекуны, вырашалі, як не стаць заложнікамі важкага рэквізіту. Бо на выхад на сцэну адведзена ўсяго 30 секунд.

За права прагучаць на ўсю Еўропу ў фінале змагаецца дзясятка фіналістаў. У большасці - гэта салісты са сталічнай прапіскай. З імі канкурыруе дуэт і два секстэты. Пераможца праекта вызначыцца па выніках галасавання прафесійнага журы і гледачоў у працэнтных суадносінах 50 на 50. З гэтага сезона тэлепубліка выбірае трыумфатара па новых правілах.

Вольга Саламаха, каардынатар праектаў Белтэлерадыёкампаніі і Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза: "Сёлета галасаванне платнае. Гэта значыць, што за адпраўленыя званкі тым людзям, якія будуць галасаваць, прыйдзецца заплаціць. Гэта цалкам нармальная практыка. І так робяць практычна ўсе краіны, якія праводзяць адбор".

Акрамя каманды Белтэлердыёкампаніі з юнымі артыстамі працуе цэлая світа прафесіяналаў. Дзейсныя бацькі прыцягваюць знакамітых выкладчыкаў па вакале і харэаграфіі. У маладых выканаўцаў няма права на памылку і дубль - толькі жывы вакал.

Акрамя пуцёўкі ў сталіцу Балгарыі Сафію пераможца чакае памятны прыз. Упершыню ў гісторыі нацыянальнага адбору на дзіцячае "Еўрабачанне" трыумфатар атрымае вось такую статуэтку - крыштальны мікрафон.

Нягледзячы на час, у гэтыя хвіліны рэпетыцыі працягваюцца. У кожнага ўдзельніка ёсць не больш за паўгадзіны на тое, каб адтачыць свой нумар пад прыцэлам тэлекамер. Апошняя магчымасць унесці карэктывы - заўтра - на генеральным прагоне.