Пайшоў з жыцця легендарны кампазітар, народны артыст Беларусі Ігар Лучанок

13 ноября 2018

Пайшоў з жыцця кампазітар, якога ведаюць і любяць многія пакаленні, - Ігар Лучанок. Пра смерць народнага артыста Беларусі ў сацыяльных сетках паведамілі сябры і калегі.

Яго творчасць стала сапраўды візітнай карткай краіны. Ігар Лучанок - аўтар мноства твораў, якія застаюцца папулярнымі і праз дзесяцігоддзі. Ён пісаў музыку ў вольна-сімфанічным, камерна-інструментальным, камерна-вакальным і, вядома ж, у песенным жанрах. Апошні прынёс яму ўсенародную любоў. "Алеся", "Полька беларуская", "Мой родны кут", "Майскі вальс". Яго кампазіцыі на вершы беларускіх і рускіх паэтаў выконвалі "Песняры", "Сябры", "Верасы", Іосіф Кабзон, Леў Лешчанка, Сафія Ратару, Валянціна Талкунова і іншыя. А матыў "Песні пра Мінск" кожную гадзіну адбіваюць куранты сталічнай ратушы. Твор з апошніх - песня да 100-годдзя Узброеных Сіл Беларусі. 

Ігар Лучанок доўгія гады быў рэктарам Белдзяржкансерваторыі, а з 80-х да апошніх дзён узначальваў Беларускі саюз кампазітараў. У апошнія гады Ігар Міхайлавіч хварэў, але захоўваў душэўную бадзёрасць. 6 жніўня ён адзначыў сваё 80-годдзе. 

У пачатку лістапада ў кампазітара здарыўся шырокі інсульт. Пасля чаго яго ўвялі ў стан штучнай комы, з якой ён, на жаль, так і не выйшаў. Пра дату і месца развітання з кампазітарам пакуль не паведамляецца.