Пайшоў з жыцця Дзмітрый Хварастоўскі

22 ноября 2017

Сумная навіна сёння прыйшла з Лондана. Пайшоў з жыцця сустветна вядомы оперны спявак Дзмітрый Хварастоўскі. Спачуванне родным і блізкім выдатнага артыста выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. У нашай краіне ведаюць, любяць і высока шануюць творчасць Дзмітрыя Хварастоўскага. Заўчасная смерць гэтага чалавека, дзейнасць якога натхняла і дарыла станоўчыя эмоцыі, - незаменная страта для ўсіх нас.

Больш за два гады оперны спявак змагаўся з анкалагічным захворваннем. Артысту быў пастаўлены дыягназ "пухліна галаўнога мозга". Лячэнне, некалькі курсаў хіміятэрапіі. Але, на жаль, хвароба аказалася мацнейшай. Яму было ўсяго 55.

Расказвае Алена Борматава.

Яго не стала ўначы. У Лондане. Побач былі родныя. Напярэдадні ў Вялікабрытанію прыляцелі і бацькі Дзмітрыя Хварастоўскага. Два гады барацьбы за жыццё, некалькі курсаў хіміятэрапіі. Але хвароба аказалася непераможнай. Яму было ўсяго 55.

Міхаіл Швыдкой, спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта Расіі па міжнародным культурным супрацоўніцтве: "Гэта вельмі горка, калі чалавек у росквіце сіл, поўны вялікіх творчых планаў, а ў яго іх сапраўды было шмат, спявак, які быў упрыгожваннем усіх галоўных оперных сцэн свету, сыходзіць з жыцця. Гэта сапраўды вялікая трагедыя".

Пасля таго, як даведваецца аб дыягназе, Хварастоўскі на некалькі месяцаў адмяняе ўсе свае выступленні. А яны распісаны не на адзін год. Усе сілы - на барацьбу з хваробай. І ўжо ў верасні 2015 барытон вяртаецца на сцэну. Тады ж спявак апошні раз прылятае ў Мінск. Выступае на сцэне Палаца Рэспублікі. Ніякага намёку на хваробу. Такі ж вясёлы, гэтак жа жартуе і гэтак жа ўсе сілы - на зносіны з публікай.

Руслан Аляхно, спявак: "Запланаваны гастролі, наколькі я ведаю, на некалькі гадоў наперад. І, больш за тое, на іх прададзеныя білеты. Але гэта непараўнальна з чалавечым жыццём, таму што ён змагаўся да канца і сам верыў у сваё акрыянне. Але… такое жыццё".

У снежні мінулага года стан Хварастоўскага пагаршаецца. Зноў хімія, зноў лячэнне. Зноў барацьба за жыццё. Голас, на шчасце, не знікае. У чэрвені - усяго некалькі месяцаў  таму - спявак дае канцэрт у сваім родным Краснаярску.

У Краснаярску ж і пачалася музычная кар'ера Хварастоўскага. Сын урача і інжынера пасля заканчэння педвучылішча і Інстытута мастацтваў прыходзіць служыць у Краснаярскі дзяржаўны тэатр оперы і балета. У складзе  гэтага калектыву барытон перамагае ў конкурсе Бі-бі-сі "Спявак свету" і становіцца зоркай планетарнага маштабу. Яго запрашае нью-ёркскі Метраполітэн-апера, міланскі Ла-Скала, лонданскі Каралеўскі тэатр Ковент-Гардэн. Барытон Хварастоўскага ўзводзіць акадэмічны оперны жанр на вяршыню папулярнасці.