Выстава пад назвай "Светлае свята Раства" - гэта 25 ікон і каля 20 прадметаў культавага ліцця XVII - XX стагоддзя, ёсць і шэдэўры XV стагоддзя. Сярод іх экспанаты веткаўскай, чачэрскай тэхнікі, народнае пісьмо з выкарыстаннем залачэнняў і разьбы па дрэве. На палотнах адлюстраваныя сюжэты, прысвечаныя Раству, вобразы Божай Маці і Ісуса Хрыста. Многія іконы пабывалі на выставах Масквы, Мінска, Віцебска, а таксама ў многіх краінах Еўропы.
Ганна Кузьміч, загадчыца гісторыка-краязнаўчага аддзела Гомельскага палацава-паркавага ансамбля: "Калі гаварыць, напрыклад, пра народную ікону, то гэта іконы, якія пісаліся практычна ў адзіным экзэмпляры, таму што гэта іконы, напісаныя не па канонах, на дошцы алейнымі фарбамі. І тут майстар меў магчымасць тварыць як сапраўдны мастак".
У цэлым калекцыя налічвае больш за 300 прадметаў. Пра тое, як яны ствараліся стагоддзі таму, экскурсійным групам раскажуць і пакажуць прафесійныя рэстаўратары.













