Унікальныя знаходкі

8 августа 2017

Адразу некалькі ўнікальных знаходак удалося выявіць спецыялістам падчас археалагічных даследаванняў на тэрыторыі Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра ў Полацку. Адна з іх - пячатка прападобнай. Да гэтага такія артэфакты ўжо атрымлівалася знаходзіць. Але гэта пячатка цалкам адрозніваецца ад папярэдніх тэхнікай выканання і якасцю. Чаму? Гэтую старажытную загадку навукоўцам яшчэ трэба будзе разгадаць. У рукі археолагаў трапіў яшчэ адзін унікальны артэфакт - фрагмент старажытнай плінфы з чарцяжом. Знаходка, як мяркуецца, адносіцца да XII стагоддзя. Да гэтага нават такіх артэфактаў даследчыкам знаходзіць не даводзілася.

Марына Раманоўская першай зняла археалагічныя сенсацыі.

Аляксандр Салаўёў беспамылкова паказвае, дзе ля паўднёвай сцяны Спаса-Праабражэнскага храма ён знайшоў пячатку. Спецыялісты не сумняваюцца - артэфакт належаў самой Ефрасінні Полацкай. Як пацвярджэнне - адметныя надпісы.

У старажытнасці такой пячаткай змацоўвалі важныя дакументы. Менавіта яна гарантавала іх сапраўднасць. Валодалі пячаткай толькі епіскапы ці князі. Таму той факт, што ўласная пячатка была ў прападобнай, унікальны.

Гэта пячатка стала трэцяй, якую археолагі знайшлі ў Полацку падчас раскопак на тэрыторыі Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. Спецыялісты адзначаюць: работа вельмі тонкая. Ад папярэдніх знаходак яна адрозніваецца тэхнікай выканання і якасцю.

Пячатка захавалася выдатна. Зараз яна знаходзіцца ў фондах Нацыянальнага Полоцкага гісторыка-культурнага музея. У хуткім часе з ёй будзе працаваць рэстаўратар. Толькі пасля гэтага яе пакажуць людзям.

А вось гэты на першы погляд звычайны кавалак плінфы археолагі лічаць сенсацыйнай знаходкай. Яго выявілі на тэрыторыі храма-пахавальні. Да нашага часу старажытны будынак не захаваўся. Відэакамера ледзь счытвае надпіс, а больш дакладна, старажытны чарцёж. Спецыялісты мяркуюць, у іх руках артэфакт першай паловы XII стагоддзя. І асцярожна ўдакладняюць: такіх скарбаў пакуль няма нідзе.

Наперадзе спецыяльныя экспертызы. І калі меркаванні пацвердзяцца, адзначаюць археолагі, унікальная полацкая знаходка атрымае статус сусветнай сенсацыі. А пакуль спецыялісты працягваюць працаваць на тэрыторыі Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра і шукаць адказ на самае папулярнае пытанне: колькі яшчэ ўнікальных таямніц захоўвае старажытны Полацк.