Унікальныя мініяцюры стварае майстар з Ваўкавыскага раёна

29 февраля 2020
Толькі ўявіце - драўляныя скульптуры памерам усяго тры міліметры. Унікальныя мініяцюры стварае майстар з Ваўкавыскага раёна. Для працы ён прыстасаваў павелічальнае шкло, карыстаецца разцамі, танчэйшымі за іголку. За такі мінімалізм калегі называюць яго “беларускім ляўшой”. Вось толькі блыху падкаваць народны ўмелец не спяшаецца. Больш даспадобы казачныя і міфічныя персанажы. 

Юрый Карняловіч даведаўся пра сакрэты філіграннай працы. Анатоль Зубанаў разбярствам захапіўся яшчэ ў малодшых класах. Спачатку гэта былі настольныя кампазіцыі, аднак з кожным годам памер драўляных фігурак змяншаўся. Сёння, каб разгледзець асобныя работы, патрэбна як мінімум павелічальнае шкло. Часу на стварэнне такіх мініяцюр патрэбна шмат. Для кожнай неабходна падабраць свой інструмент. Шматлікія разцы майстар вырабляе сваімі рукамі, а гэта ювелірная праца. Вельмі часта лязо танчэйшае за іголку.

Каб займацца любімай справай Анатолю Зубанаву прыйшлося пайсці нават наперакор бацькам. Апошнія марылі, каб сын стаў вадзіцелем ці трактарыстам. Аднак юнак адзін паехаў у Ленінград і паступіў у рэстаўрацыйнае вучылішча. Затое сёння майстра называюць беларускім “ляўшой”. Праўда, падкаваць блыху ён не спяшаецца па аб’ектыўных прычынах. Разбяр - чалавек творчы, таму пастаянна знаходзіцца ў пошуку новых ідэй. Апошняе захапленне – дыяметральна супрацьлеглае мініяцюрам. Анатоль Зубанаў спрабуе свае сілы ў манументальных скульптурах. Плануе ствараць разныя альтанкі. 

Пошуку матэрыялу для працы майстар прысвячае ўвесь свой вольны час. Прызнаецца, каб знайсці штосьці прыдатнае, можна патраціць нават цэлы дзень. А затым у першым прыдарожным карчы ўбачыць сапраўдную кампазіцыю.

Свае манументальныя работы майстар плануе перадаць у мясцовы парк і стварыць там цэлую алею драўляных альтанак. Зараз актыўна працуе над эскізамі. Усе кампазіцыі будуць створаны па матывах беларускага фальклору.