Унікальныя выданні фондаў Гомельскай епархіі выставілі ў абласной бібліятэцы

16 марта 2018

Сярод жамчужын выставы - Новы Запавет і Псалтыр у скураной вокладцы з залатым цісненнем. Да выдання мела дачыненне руская імператрыца дынастыі Раманавых Ганна Іаанаўна. Кнізе амаль 300 гадоў. Сярод рэдкіх экзэмпляраў таксама Біблія з ілюстрацыямі вядомага французскага мастака Гюстава Дарэ. Каштоўнасць кнігі ў тым, што яна змяшчае сапраўдныя гравюрныя адбіткі.

Дзяніс Лемцюгоў, мастацтвазнаўца Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна:

"Гэтыя кнігі з'яўляюцца зараз бібліяграфічнай рэдкасцю. Бо гэта старадрукаваныя выданні. Біблія з гравюрамі Дарэ характарызуецца тым, што яна ілюстраваная. Яна забяспечвалася найпадрабязнейшымі поўнымі гравюрамі з адлюстраваннем біблейскіх падзей. З'яўляецца важнай вехай для развіцця кнігадрукавання".

Таксама на выставе паказаныя літургічныя царкоўна-службовыя кнігі. Усяго ў экспазіцыі 27 унікальных экзэмпляраў.