Унікальныя антыкварныя рэчы сталі набыткам мясцовага музея ў Чачэрску

27 ноября 2015

Унікальныя антыкварныя рэчы сталі набыткам мясцовага музея ў Чачэрску. А перадала іх жыхарка райцэнтра, якую гараджане паспелі ахрысціць жанчынай-легендай. Усяго Неаніла Шаўцова падарыла мясцоваму музею парадку 600 экспанатаў. Кожны прадмет літаральна дыхае старым. З аматаркай гісторыі сустрэлася Вольга Халадовіч.

Адкуль гэты прас з'явіўся ў іх сям'і - Неаніла Шаўцова дагэтуль не ведае. Калі прынесла яго ў музей, спецыялісты ўстанавілі - яму мінімум 200 гадоў. А галава льва замест звычайнай ручкі азначае, што прас належаў сям'і шляхетнага роду. Тут у кожнай зале ёсць рэчы, якія падарыла музею пенсіянерка. Пасля яе візітаў экспазыцыі папаўняюцца новым рарытэтамі.

Яна прыходзіць у ратушу амаль кожны дзень. Гаворыць, як на спатканне з мінулым. Кніга - ад цёткі, якая была партызанкай. Мамчына сумачка, газета "Праўда" за 10 мая 1945-га - з бацькаўскага архіва. Тое, што раней здавалася звычайнымі рэчамі - сёння музейны экспанат.

Мара ўсіх савецкіх модніц - парфума "Чырвоная Масква". Неаніла Шаўцова падарыла музею амаль поўны флакон. Дарэчы, нават праз дзесяцігоддзі яны не страчваюць свайго водару.

Усе экспанаты Неаніла Шаўцова музею дорыць. З яе сямейных рэліквій, якія адлюстроўваюць розныя эпохі, ужо можна скласці некалькі новых экспазыцый.

Неаніла Шаўцова - сапраўдны рэкардсмен сярод мясцовых дарыльшчыкаў. Дзякуючы ёй фонды чачэрскага музея папоўніліся прыкладна на 600 экспанатаў. Зараз яна рыхтуе супрацоўнікам музея чарговы сюрпрыз: які - аматарка гісторыі пакуль трымае ў таямніцы.