Унікальную калекцыю касцюмаў Радзівілаў прадставілі ў Нясвіжскім замку

15 февраля 2020
Упершыню з княжага палаца ў Небарове каля Варшавы даставілі ўборы Ганны Радзівіл з Любамірскіх. 

У чым бліскалі дамы на балях у эпоху крыналінаў - убачыла Алена Борматава.  Упершыню ў адной зале калекцыі трох радзівілаўскіх рэзідэнцый. Іх аб'ядналі "Модныя дамы ў Нясвіжы". Выстаўляць жаночыя строі без дамскіх аксэсуараў - адно што падарожнічаць у марах. Вееры прыехалі з суседняга – Мірскага замка, каштоўныя гадзіннік і сумачка, такі клатч векавой даўніны, з уласнай калекцыі Мацея Радзівіла. Яны належалі адной з прадстаўніц роду. І ўпершыню на публіку выйшлі еўрапейскія мініяцюры з калекцыі Нясвіжскага палаца. Яны адлюстроўваюць эвалюцыю жаночага строю. Выявы большасці жанчын яшчэ не ідэнтыфікаваныя. 


Калекцыі трох радзівілаўскіх рэзідэнцый

Як калісьці кузэн ездзіў да кузэна, так і зараз стасункі родзічаў падтрымліваюць музейныя супрацоўнікі. Апошні ўладальнік палаца ў Небарове Януш Радзівіл - адзін з лідараў кансерватыўнага руху, прыхільнік Пілсудскага - бываў у Нясвіжы ў свайго стрыечнага брата Антонія Радзівіла. А вось жонка Януша Ганна Радзівіл з Любамірскіх у нясвіжскай рэзідэнцыі ніколі не была. Гэта яе строі прывезлі на выставу, у тым ліку і шлюбную сукенку. Яна захавалася часткова. Аўтэнтычны шлейф, а вось блуза рэканструявана на падставе вясельных фотаздымкаў. Вядомы не толькі памер адзення Ганны Радзівіл, але і памер яе нагі - 38. Каштоўныя лодачкі таксама належалі ёй. Кожная чаравічка з адмысловай драўлянай падстаўкай, якая доўгі час дапамагала захоўваць форму. Прайшло больш за стагоддзе. А абутак у ідэальным стане. 

 Арыгінальныя экспанаты былі пашыты мадысткамі ці шаўцамі больш за стагоддзе таму. Шоўкавая газа, велюр, бавоўна, цюль даволі каштоўныя і сёння, а векавыя тканіны ўвогуле патрабуюць адносін. Тут райдар - як у знатнай асобы. Пасля транспарціроўкі экспанаты павінны адвісецца і адляжацца, каб набыць першапачатковую форму. 


Высокая мода эпохі крыналінаў

Арыгінальныя строі былі выпадкова знойдзены ў 70-ыя гады мінулага стагоддзя. Тады ішла рэканструкцыя палаца ў Небарове. А адзенне проста было пакладзена ў скрыню, якая знаходзілася сярод будаўнічых матэрыялаў. Ідэнтыфікавалі па эпасе. Частка экспанатаў рэканструявана на падставе фотаздымкаў. Былі ўлічаны ўсе асаблівасці і выкарыстаны блізкія па характарыстыках тканіны. Напрыканцы 19-га стагоддзя папулярнымі становяцца заняткі спортам. Жанчыны нараўне з мужчынамі каталіся на каньках, ездзілі на ровары. І ў гэты ж час пачынае фарміравацца адмысловая спартыўная мода. Так, напрыклад, для гульні ў тэніс жанчыны на гарсэты апраналі жакеты і доўгія спадніцы.

 Канец 19-га стагоддзя – гэта час спрашчэння жаночых строяў. Канец эпохі крыналінаў. Перыяд, калі ўсё часцей жанчын заклікалі адмовіцца ад нязручных і небяспечных гарсэтаў. Бо вельмі часта здараліся выпадкі, калі дамы страчвалі прытомнасць на балях.