Памёр Станіслаў Гаварухін

14 июня 2018

Сумная навіна прыйшла літаральна гадзіну таму з Расіі. Памёр Станіслаў Гаварухін. Цяжка пералічыць усе яго ўзнагароды і заслугі. Заслужаны дзеяч мастацтваў Украіны, народны артыст Расіі. Трывожныя паведамленні сталі з'яўляцца яшчэ напярэдадні, калі Станіслава Сяргеевіча шпіталізавалі. Сёння сумную навіну паведаміў спікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін. Гаварухін вёў актыўную палітычную дзейнасць. Быў кандыдатам у Прэзідэнты Расіі, пазней узначальваў перадвыбарны штаб Уладзіміра Пуціна.

Аднак савецкі глядач палюбіў яго яшчэ напрыканцы 60-х. Станіслаў Гаварухін стаў рэжысёрам фільмаў, якія ўвайшлі ў залаты фонд кінематографа, - "Вертыкаль", "Месца сустрэчы змяніць нельга", "Варашылаўскі стралок", "Дзесяць негрыцят", "Дзеці Капітана Гранта". Гаварухін працаваў у кіно таксама ў якасці сцэнарыста, акцёра і прадзюсара. Дваццаць гадоў ён працаваў на легендарнай Адэскай кінастудыі. Станіслаў Сяргеевіч неаднаразова быў ганаровым госцем Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад". Двойчы ўзнагароджваўся спецпрызам Прэзідэнта Беларусі "За гуманізм і духоўнасць у кіно". Станіслаў Гаварухін памёр дзве гадзіны таму ў падмаскоўным санаторыі "Барвіха" пасля працяглай хваробы. Яму было 82 гады.