Умельцы з Дзяржынска ствараюць эксклюзіўныя прадметы мастацтва

28 июня 2020
Героі наступнага сюжэту - мастакі народнай творчасці: "Уладар часу" і "Майстрыхі абярэгаў". Умельцы з Дзяржынска ствараюць эксклюзіўныя прадметы мастацтва. Напрыклад, Андрэй Мартынюк стаў вядомым дзякуючы свайму гадзінніку-выцінанцы з дрэва. А лялькі рукадзельніц раённага цэнтра культуры і народнай творчасці абараняюць сям'ю, дораць шчасце, здароўе і дабрабыт. Аб'ядноўвае іх любоў да сваёй справы ўжо больш за 2 дзясяткі гадоў і адна выставачная прастора для экспазіцый "Час выцінанкі" і "Сіла сям'і". 

Ларыса Гулякевіч назірала, як нараджаюцца народныя шэдэўры ў дзяржынскіх майстроў (відэа).

Складаны механізм гэтых гадзіннікаў з усімі дробнымі дэталямі - шасцернямі ды маятнікамі - зроблены выключна з дрэва. Сярод соцень экспанатаў славутага майстра Андрэя Мартынюка ёсць нават мадэль сонечнай сістэмы з дрэва. Дадаць нацыянальны каларыт сваім вымяральнікам часу - элементы беларускай выцінанкі - даўняя мара, якую аўтар ажыццявіў толькі зараз. 

У новай калекцыі "Час выцінанкі" - 20 гадзіннікаў. Аўтарскія эскізы вядомых майстроў выцінанкі беражліва пераносіліся з камп'ютарнай праграмы на спецыяльны станок, а затым дакладна выразаліся лазерам па дрэве. 

Славуты "майстар часу" Андрэй Мартынюк, які, да таго ж, мае ганаровае званне "Чалавек года Мінскай вобласці", займаецца стварэннем драўляных гадзіннікаў каля 10 гадоў. 

Станькаўскі дом майстроў рыхтуецца да вялікай выставы-кірмашу. Гэтая выстава драўляных гадзіннікаў, упрыгожаных аўтарскімі выцінанкамі, сабраных па ўсёй Беларусі. Другая выстава - лялечная і называецца "Моц сям'і". Кожны абярэг ахоўвае гаспадара па-свойму. Гэты, напрыклад, зычыць багацця. Лялькі-абярэгі, створаныя гэтымі майстрамі, ахоўваюць сям'ю, дораць шчасце, здароўе і дабрабыт. 

Неад'емная частка адзення лялек - аксесуары з беларускім арнаментам. Паясы, тканыя ўручную, потым падзеленыя на маленькія фрагменты, упрыгожваюць нацыянальныя сувеніры-абярэгі. Ала Бялясава каля 25 гадоў займаецца лялькамі, а натхняе на майстэрства яе вялікая сям'я: муж і трое дзетак. А вось для Веранікі гэта першая калекцыя лялек. Распісвае сама тканіну, валасы робіць з лёну, які спачатку адбельвае, а потым афарбоўвае. 

Лялькі зробленыя ў розных тэхніках. У Дзяржынскім раёне яны маюць сваю адметнасць. Абагульняюць узоры ткацкіх паясоў і аб'ядноўваюць розныя часы нашай гісторыі.