Куток народнай гісторыі з'явіцца ў вёсцы Малое Запруддзе

21 апреля 2016

Месцам адраджэння мясцовых традыцый стане маладая дуброва. Першыя паўсотні дзесяцігадовых дрэў ужо пусцілі карані на раўніне побач з сялом. Высадка дубоў - свяшчэннага дрэва нашых продкаў - суправаджалася карагодамі і аўтэнтычнымі беларускімі абрадамі. У гай мясцовыя жыхары плануюць запрашаць аматараў гісторыі і разам ладзіць тэатралізаваныя паказы на Купалле, Каляды, Масленіцу...

За месяц валанцёры плануюць высадзіць яшчэ каля трох соцень раслін.

Рэшткі векавых дуброў і дагэтуль сустракаюцца ў лясах Мінскай вобласці. Самы стары дуб-волат ужо звыш 500 гадоў ахоўвае лясы Дзяржынскага раёна і сёння з'яўляецца галоўнай славутасцю цэнтра экалагічнага турызму "Станькава".