Удзельнікі "Еўрабачання" ўсяго за дзень аб'ехалі ўсю Беларусь. Падарожнічалі ў віртуальнай рэальнасці

21 ноября 2018

Удзельнікі дзіцячага "Еўрабачання" за дзень аб'ехалі ўсю Беларусь. Праўда, падарожнічалі ў віртуальнай рэальнасці. Творчая каманда Белтэлерадыёкампаніі прыдумала 20 міні-гісторый, у якіх, паводле сцэнарыя, апынуцца дзеці з дапамогай акуляраў віртуальнай рэальнасці. Візітоўкі пакажуць гледачам за некалькі секунд да выступлення ўдзельніка. Дарэчы, падзяліць яркія эмоцыі палымянай падзеі разам з удзельнікамі яшчэ ёсць магчымасць. У продаж паступілі дадатковыя білеты на танцплошчу - на генеральную рэпетыцыю, якая пройдзе ў суботу. А здымачны працэс візітовак атрымаўся займальным, у выніку міні-гісторый апынулася на адну больш. Дадатковае відэападарожжа каманда Агенцтва тэленавін вырашыла зрабіць для вас - нашага гледача. Такім чынам, месца падзей - "Мінск-Арэна", у ролі тэлегіда - Ян Пашкевіч.

Яна Шаблыка, рэжысёр візітовак міжнароднага дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне-2018":

"Зараз мы здымаем візітоўкі для дзяцей - яны надзяваюць акуляры віртуальнай рэальнасці і пераносяцца ў розныя прыгожыя месцы Беларусі. Вось адну такую візітоўку мы падрыхтавалі і для вас".

Заблытаць у еўравізійных лабірынтах "Мінск-Арэны" немагчыма - дастаткова ісці на меладычны дзіцячы голас.

Перад палётам да зорак (а менавіта ў стылі сонечнай сістэмы аформленая галоўная сцэна) у дзяцей перагрузкі не менш, чым у касманаўтаў - толькі эмацыйныя. Выканаўца з Партугаліі проста не змагла стрымаць слёз.

Гэтыя рэпетыцыі аншлагаў не збіраюць: сярод гледачоў - толькі дэлегацыі канкурсанта. Назіраюць за нумарам анлайн на вялікім маніторы.

Тут вось такі фармат хатняга кінатэатра, я мяркую, што можна далучыцца і таксама паглядзець.

А вось адчуць сябе ў цэнтры Сусвету можна толькі ў хвілінны перапынак паміж нумарамі. Паднімаемся на сцэну да Элі з Мальты - адразу пасля рэпетыцыі дзяўчынка не можа спыніць песню нават падчас інтэрв'ю!

Адразу з музычнай галактыкі дэлегацыі прызямляюцца ў праглядным пакоі.

Рэбека Уена, маці прадстаўніцы Аўстраліі на міжнародным дзіцячым конкурсе песні "Еўрабачанне-2018":

"Маё сэрца проста ўзарвалася, калі я ўбачыла сваю дзяўчынку на такой сцэне! Гэта было штосьці неверагоднае!".

За суседнімі дзвярамі - еўравізійны "Неверлэнд" - менавіта тут на дні конкурсу ўладкуюцца дзеці.

"Дэлегэйшн бабл" - гэта такая Еўропа ў мініяцюры, усе гэтыя пакойчыкі будуць засяляцца маленькімі артыстамі.

Тут жа запрацуе салон прыгажосці - стылісты ўжо знаёмяцца з вобразамі ўдзельнікаў, прычоску і мэйк-ап трэба зрабіць за гадзіну. А для дзяцей - гэта вялізны гульнявы пакой.

Для Казахстана і Уэльса гэта "Еўрабачанне" дэбютнае. Аднак ужо за некалькі дзён пачаткоўцы хутка сталі часткай вялікай еўрасям'і.

Зрабіць жа рэальным гэтае віртуальнае падарожжа ў "Мінск-Арэну" зможа кожны глядач ужо ў гэтыя выхадныя. У продаж паступілі дадатковыя білеты на танцплошчу на генеральную рэпетыцыю. Яна пройдзе ў суботу ўвечары.