У свята "Дзень беларускага пісьменства" з'явіцца свой сайт

4 апреля 2017

Інтэрнэт-старонка стане даведнікам. Там будзе праграма свята, маршруты, пункты грамадскага харчавання і магчымыя варыянты начлегу. Сёлета Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Полацку ў першыя выхадныя верасня. Лейтматывам стануць адразу некалькі важных дат - гэта 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, юбілеі класікаў літаратуры Якуба Коласа, Янкі Купалы, Янкі Брыля. Акрамя таго, радзіма першадрукара адсвяткуе 1155 гадоў. Паводле традыцыі на форуме ўручаць Нацыянальную літаратурную прэмію. Упершыню адбудзецца рэспубліканскі конкурс юных чытачоў "Жывая класіка".

Лілія Ананіч, Міністр інфармацыі Беларусі: "Мы з Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй зараз абмяркоўваем міжнародны тэлевізійны праект "Францыск Скарына на мовах краін свету". Зроблены пераклады Францыска Скарыны на 70 моў. Мы хочам, каб пры дапамозе тэлебачання з гэтымі словамі мы пабывалі ў тых краінах, дзе прайшоў шлях Францыска Скарыны, каб гэтыя словы прагучалі з вуснаў носьбітаў моў - французскай, італьянскай, яўрэйскай і нават кітайскай".

Да свята ў Полацку абновяць 255 аб'ектаў, у тым ліку плошчу Францыска Скарыны і адзіны ў Беларусі музей кнігадрукавання. Тут жа будзе экспанавацца помнік нацыянальнай кніжнай культуры "Малая падарожная кніжыца". Рарытэт надрукаваў Францыск Скарына ў Вільні ў 1522 годзе.