У праваслаўных працягваюцца Каляды

13 января 2018

Гэты час напоўнены сустрэчамі з роднымі, добрымі справамі і, вядома, забавамі. Самая папулярная традыцыя - калядаванне. Шумныя кампаніі ходзяць па дамах, спяваюць песні, весяляць гаспадароў. Нашы продкі верылі: калі калядоўшчыкі прыйшлі ў дом - год будзе багатым на светлыя падзеі. Актыўна падтрымліваюць прыгожую традыцыю ў аграгарадку Заронаве Віцебскага раёна. Мая калега Марына Раманоўская далучылася да перформансу па старажытным сцэнарыі.

Калядныя песні ў аграгарадку Заронаве гучаць кожны студзень. З вялікай ахвотай калядуюць і дарослыя, і дзеці. Шумную кампанію тут чакаюць у кожнай сядзібе. Але прыход калядоўшчыкаў - гэта не толькі нагода павесяліцца. Нашы продкі верылі: калі госці завіталі ў хату - год абавязкова будзе шчодрым на добрыя падзеі.

У вясёлай кампаніі самыя розныя персанажы. Усё залежыць - з якога рэгіёна калядоўшчыкі. Напрыклад, у некаторых вёсках Гомельскай вобласці сярод іх можна сустрэць жорава, у Брэсцкай - цыганку з мядзведзем. Свой крывалапы ёсць і ў калядоўшчыкаў з Заронава. Мішка ведае самыя розныя трукі. І чым больш цукерак атрымае, тым больш цікавы спектакль пакажа.

Асаблівая роля ў казы. Лічылася, што гэтая жывёліна нясе на сваіх рогах шчасце і гарантуе багаты ўраджай у новым годзе. У некаторых вёсках казу рабілі з саломы, але часцей за маскай хаваўся хто-небудзь з калядоўшчыкаў. Атрымлівалася вельмі каларытна. Ад хаты да хаты кампанія звычайна павялічвалася.

Казу залагоджвалі рознымі прысмакамі. Гаспадары не шкадавалі ні сала, ні каўбас. Вялікі мех з пачастункамі звычайна насіў самы дужы хлопец. Кампанію было чуваць здалёк. Лічылася, што шумлівыя гулянні могуць прагнаць нечысць.

Такая цемра ў невялікім пакоі магла б напалохаць амаль кожнага. Але толькі не ў Святкі. Зараз самы час для варажбы. Свой лёс здаўна хацелі ведаць і прадстаўнікі сталага пакалення, і, зразумела, моладзь. Дзяўчаты звычайна варажылі на нарачонага. Ці прыгожым ён будзе, ці працавітым, а, можа, яшчэ і багатым? Даведацца пра гэта можна было па-рознаму. Падказаць, ці будзеш у новым годзе ў пары, мог нават звычайны плот.

Ці здзейсняцца прадказанні - можна толькі дагадвацца. Галоўнае, упэўнены вяскоўцы, што традыцыі продкаў актыўна падтрымліваюцца. А сучасная моладзь усё часцей далучаецца да перформансу па старажытным сцэнарыі.