У брэсцкага рамесніка дрэва пераліваецца, як бурштын

18 сентября 2017

Брэсцкі рамеснік навучыўся апрацоўваць дрэва, якое пераліваецца на сонцы. Майстар працуе нават з самымі непакорлівымі пародамі. Некаторыя вырабы нават нагадваюць бурштын. Падрабязней - Вікторыя Патоня.

Калісьці на гэтым месцы быў дзіцячы лагер. Сёння аграсядзіба, гаспадар якой нагадвае чараўніка. Усё тут створана рукамі майстра і яго сыноў. У тым ліку пабудаваны драўляны музей. Кожны экспанат непаўторны. Павел Шадрын - самародак-самавук. Гаворыць: усяго толькі дапрацаваў тварэнні прыроды.

Рамеснік працуе паводле старажытных традыцый. Бо яшчэ нашы продкі ведалі, што лыжку трэба выразаць з ліпы або бярозы. Міску рабіць з бярозавага капа, ён не баіцца кіпеня. А плот ставіць з вярбы або вольхі. Гэтая драўніна больш устойлівая да атмасферных ападкаў.

Апрацоўкай дрэва Павел захапіўся яшчэ ў дзяцінстве. У Беларусь пераехаў з халоднага Мурманска 8 гадоў таму. І ні разу не пашкадаваў. І перш за ўсё пабудаваў уласную майстэрню. Каб традыцыйнае мастацтва захаваць, лічыць рамеснік, неабходна адаптаваць яго да сучаснасці.

Упадабаны матэрыял - дрэўныя нарасты, або капы. Пасля апрацоўкі дрэва пераліваецца, нібы бурштын. Невыпадкова ў асобных народаў яго завуць агністым дрэвам. У калекцыі рамесніка вырабы з яго самых розных парод. Ён навучыўся ўтаймоўваць нават свавольны матэрыял.

Свае веды рамеснік ахвотна перадае сынам. Зрэшты, на творчасць хварэе ўся сям'я. З дрэва выразаюць, выпілоўваюць, яго распісваюць і валодаюць рознымі тэхнікамі апрацоўкі.

Павел шмат працуе пад заказ. А тварэнні яго таленту і рук можна сустрэць у музейных і прыватных калекцыях розных краін свету.