Творчасці легендарнага маэстра Міхаіла Фінберга паўстагоддзя

9 августа 2014
Гэта з яго музычнай каманды выйшлі такія выканаўцы, як Мікалай Скорыкаў, Ірына Дарафеева, Іна Афанасьева, Дзмітрый Калдун, Тэа і сотні іншых. Яго аркестр ведаюць ва ўсёй Еўропе, а творы беларускіх кампазітараў і паэтаў гучаць у канцэртных праграмах. Аб творчым багажы Міхаіла Фінберга - матэрыял нашага культурнага аглядальніка Ларысы Гулякевіч.



Практычна ўсе віды аркестравага жанру ў творчым багажы Міхаіла Фінберга, які месціць у сабе сотні фэстаў і тысячы канцэртных праграм. Ад джаза да старажытнай музыкі і сучаснага шлягера. І багаж гэты важыць 50 гадоў.
Як у сувенірнай матрошцы, юбілейных дат і праектаў у маэстра Фінберга сабралася нямала. Толькі на пляцоўцы Віцебскага амфітэатра Міхаіл Якаўлевіч са сваёй музычнай камандай працуе ўжо 25 гадоў. Спачатку гэта быў фэст польскай песні, затым адзін з самых прэстыжных конкурсаў выканаўцаў эстраднай песні - Міжнародны фэст мастацтваў Славянскі базар у Віцебску.
Сюды ж, у юбілейную скарбонку, уваходзяць каля 180 розных фэстаў, сярод якіх Маладзечанскі, джазавы, Музы Нясвіжа, Шлягеры на ўсе часы. За апошнія 20 гадоў было праведзена каля 190 музычных святаў па малых гарадах нашай Беларусі. Але гэта ўсё лічбы... А за імі - маладыя таленты і забытыя часам беларускія кампазітары мінулых стагоддзяў, паэты, музыканты. Менавіта такая музычная спадчына і становіцца базай для новых канцэртных праграм.
Прафесійная дзейнасць музыканта Міхаіла Фінберга пачалася ў савецкія 60-я. Аркестр Беларускага радыё і тэлебачання пад кіраваннем Барыса Райскага, затым каля 20 гадоў былі прысвечаныя аркестру Мінскага дзяржаўнага цырка. І вось ужо 27-ы сезон (дата, праўда, не круглая) адкрывае Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам маэстра Фінберга - асобы легендарнай з няпростым характарам.
Працаваў Міхаіл Якаўлевіч са сваім калектывам і за мяжой - у Еўропе, і на расійскім тэлебачанні ў такіх вядомых праграмах, як Адгадай мелодыю, Блакітны агеньчык… У Маскве на Алеі зорак ёсць і зорка Фінберга. Сёння маэстра пачынае рэпетыцыі новых музычных праектаў ужо на 2016 год.