Творчасць Казіміра Малевіча ў моднай калекцыі студэнтаў Акадэміі мастацтваў

22 мая 2019

Экспазіцыя "Тэатр мастака" адкрылася ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі.

Як сучасныя дызайнеры адчуваюць і ацэньваюць творчасць Малевіча,  раскажа Ларыса Гулякевіч.

Імя Казіміра Малевіча звычайна асацыіруецца з яго знакамітым творам «Чорны квадрат», які быў напісаны ў 1914 годзе. Аднак знакавай рабоце новага тады напрамку абстрактнага мастацтва  супрэматызму  папярэднічаў твор Малевіча зусім іншага кшталту. Разам з сябрамі -  кампазітарам Мацюшыным і літаратарам Кручоных  - ён стварыў эскізы касцюмаў да оперы "Перамога над сонцам". 

Казіміру Малевічу прысвячаецца... Будучыя мадэльеры, натхнёныя творчасцю, персанажамі і стылістыкай сусветна вядомага мастака з беларускімі каранямі,  стварылі сапраўдны тэатр супрэматызму. Творчы падыход да акадэмічнай праграмы раскрывае асабістыя здольнасці студэнтаў Акадэміі мастацтваў.

Тэатральны мастак, дызайнер і выкладчык акадэміі Таццяна Лісавенка натхніла сваіх студэнтаў на мастацкі праект, які раскрывае адзін з бакоў творчасці Малевіча, -   стварэнне сучасных касцюмаў. 

Каляровыя блокі, кантраст, форма і кампазіцыя  - менавіта гэтымі параметрамі кіраваліся маладыя дызайнеры пры стварэнні свайго канцэптуальнага мастацтва.

Спектакль-опера "Перамога над сонцам" парушыў усе традыцыйныя тэатральныя каноны. Ён быў пастаўлены наватарамі ў пачатку мінулага стагоддзя  за год да з'яўлення "Чорнага квадрата".

Касцюмы нельга аднесці да стылю прэт-а-партэ (адзенне, якое можна насіць у звычайным жыцці). Гэта жывапісны праект новага пакалення  праз сто гадоў.

На адкрыцці праекта, прысвечанага Казіміру Малевічу, акрамя прэзентацыі абстрактных эскізаў, касцюмаў і выступлення тэатра пластычнага руху, гучала музыка ў адпаведнай стылістыцы  Бэлы Бартак, Паўля Хіндэміта, Аляксандра Скрабіна  ў выкананні студэнтаў Акадэміі музыкі.