Тураўскаму краязнаўчаму музею - 90

11 августа 2017

Ад гісторыі роднага краю да нацыянальных духоўных святынь. Больш за 12 тысяч фондавых прадметаў і філіял, які праваслаўныя лічаць святым месцам Беларусі. Тураўскаму краязнаўчаму музею - 90. Гэта адна з найстарэйшых музейных устаноў краіны. Алена Борматава пра тое, як пачыналі збіраць гісторыю.

«Старажытны Тураў» - цэнтрам археалагічнай экспазіцыі стаў галоўны епархіяльны храм XII стагоддзя, забудоўшчыкам якога выступіў сам епіскап і святы беларускай зямлі Кірыла Тураўскі. Тут жа ён і праводзіў службы. Падмуркі выявілі падчас археалагічных раскопак у 2004. На датаванне сакральнага будынка паказвалі адразу некалькі архітэктурных элементаў, характэрных для таго перыяду.

Нягледзячы на тое, што гэта музейны комплекс, тут штогод праводзяць царкоўныя службы ў дзень шанавання Кірылы Тураўскага - 11 мая. Храм быў знішчаны моцным землетрасеннем у 1230. Сакральныя падмуркі дыктавалі ўмовы архітэктарам і дойлідам. Будынак узводзілі над старажытнай кладкай. Сёння экспазіцыя - філіял мясцовага краязнаўчага музея.

Сярод першых экспанатаў - прылады працы і гаспадарчыя рэчы палешукоў. Да пачатку Вялікай Айчыннай было сабрана некалькі тысяч прадметаў, аднак падчас вайны фонды былі знішчаны. Экспазіцыю аднавілі ў 49-м. Некалькі сотняў экспанатаў выставілі ў прыватным доме. Сёння фонды складаюць 12 тысяч прадметаў, уключаючы ўнікальную глінабітную печ, што датуецца III-II тысячагоддзем да нашай эры. Знайшлі летась падчас археалагічных раскопак.

Знаходкі Тураўскага краю сёння складаюць асноўны фондавы матэрыял музея. Гэта і наканечнікі стрэл, крэмніевыя нажы і каменныя сякеры бронзавага стагоддзя. Унікальны бронзавы кельт. Такіх на тэрыторыі Беларусі не набярэцца і дзясятак. Папаўненне запаснікаў адбываецца кожны месяц у асноўным дзякуючы самім тураўчанам, якія і сёння на сваіх зямельных надзелах адкопваюць шматвяковыя рарытэты.