Цырк Дзю Салей прэзентаваў Беларусі сваю праграму "Варакай"

29 сентября 2017

Самая папулярная цыркавая трупа свету зноў у Мінску. Цырк Дзю Салей упершыню прэзентаваў Беларусі сваю праграму "Варакай". У шоу, заснаваным на старажытнагрэцкім міфе пра Ікара, задзейнічаны артысты з 30 краін свету. Сярод іх ёсць і беларус - былы спартыўны акрабат Кірыла Шатаў. У кулуарах казачнага свету пабывала Вольга Мядзведзь.

На “Мінск-Арэне” вырас лес свету «Варакай». Сотні металічных дрэў - асноўная дэкарацыя міфалагічнай гісторыі, якой сёлета спаўняецца 15 гадоў. За гэты час праз шоу «Варакай» прайшлі цэлыя пакаленні артыстаў, часам адной дынастыі. З пачаткоўцаў трупы ў Манрэалі здымаюць больш за тры сотні мерак. Дзякуючы гэтаму, немагчыма пераблытаць касцюмы і нават маскі. Іншаму цыркачу яны проста не падыдуць.

Амаль дзве тысячы прадметаў касцюма для 48 герояў пастаноўкі “Варакай”. Ажыццявіць эскізы дызайнеру - уладальніцы прэміі «Оскар» Эйка Ісіёка - дапамагалі некалькі соцень краўцоў, абутнікаў, капялюшнікаў цырка Дзю Салей. Па індывідуальных мерках артыстаў кожны касцюм стваралі ўручную. А вось паняцця "грымёр" у шоу не існуе. Складаныя вобразы пры дапамозе адмысловага грыму і касметыкі ўдзельнікі трупы ствараюць самастойна.

Цырк у прамым сэнсе жыве на колах. У Мінск шоу даставілі на 21 фургоне. За чорнай заслонай, якой “Мінск-Арэну” падзялілі напалам, трэнажорная зала, трэніровачная пляцоўка, пашывачны, абутковы цэхі і нават пральня. Касцюмы тут мыюць і рэстаўрыруюць пасля кожнага выступлення. Толькі ў гэтай частцы арэны ў акрабатаў ёсць страхоўка, якой на шоў глядач не ўбачыць.

Ігар Карпаў, старшы трэнер шоу Varekai цырка Du Soleil (Расія): "Мы падстрахоўваемся, але вы практычна, як глядач, гэтага не бачыце. Гэта дзесьці і маты , гэта дзесьці страхоўшчыкі. Нейкія людзі стаяць там, дзе яны накшталт бы выконваюць нейкую харэаграфію, але яны таксама выконваюць і функцыю страхоўшчыкаў".

Шоу-трансформер. Праз сцэну і з-пад купала з'яўляюцца персанажы, фрагменты дэкарацый - гэта часткі абсталявання для трукаў, нумары перацякаюць у тэатральныя замалёўкі. У Цырку Дзю Салей няма чатырохногіх артыстаў, выкарыстоўваюцца выключна чалавечыя магчымасці.

У шоу гэтага цыркавога брэнда толькі жывое музычнае суправаджэнне. Інструменталісты і вакалісты заўсёды на пляцоўцы, таксама ў вобразах герояў “Варакая”. Саўндтрэкі выконваюць як па партытурах, так і імправізацыйна.

У Мінску цыркачы дадуць яшчэ 5 выступленняў, а пасля адправяцца ў Хельсінкі.