Цырк дзю Салей адкрывае казачны свет самага чароўнага шоу Драліён

21 марта 2014

Мінск-Арэна апынулася пад уладай драконападобных ільвоў! На тры дні Цырк дзю Салей адкрывае казачны свет самага чароўнага шоу Драліён. На адной сцэне ажываюць 4 стыхіі, акрабаты на вачах сотні гледачоў пераадольваюць законы фізікі і выконваюць найнебяспечнейшыя трукі. Дарэчы, у адным з самых складаных нумароў удзельнічае беларус Якаў Ракіцкі.


Наш карэспандэнт Аляксандра Драгун пабывала па абодвух баках арэны. Драліён - містычная істота. У перакладзе драконападобны леў. Адзінства культур Усходу і Захаду - на адной сцэне.


Жулі Дэмарэ, прэс-аташэ Цырка дзю Салей: Шоу аб гармоніі. Тут паказаныя 4 стыхіі, і кожны нумар сімвалізуе сабою сувязь паміж імі. Галоўны герой паказу - Драліён - напалову дракон, напалову леў.


Каманда Драліёна інтэрнацыянальная. Над шоу працуюць 50 артыстаў з 16 краін, у тым ліку і з Беларусі. За тры гады ў складзе Цырка дзю Салей Якаў Ракіцкі не толькі вывучыў англійскую мову, але і стаў самым папулярным трампліністам. У шоу Драліён беларус выконвае адзін з самых складаных і небяспечных трукаў.


Сярод артыстаў цырка ёсць сямейныя пары і цэлыя дынастыі. Уладзімір з пялёнак падарожнічае разам з трупай. Зараз яму 19. Праўда, зараз з бацькамі бачыцца рэдка: гастрольныя графікі не супадаюць.


Здаецца, для такога шматграннага шоу адной сцэны мала. Але рэжысёры і пастаноўшчыкі з дапамогай святла і дадатковых будынкаў абыгрываюць аднастайнасць сцэны. Напрыклад, канструкцыі для батутаў з'яўляюцца ў сярэдзіне шоу за 48 секунд непрыкметна для гледача.


Гіганцкі будынак візуальна нагадвае азіяцкі храм і служыць фонам для шоу. Вышыня металічнай канструкцыі 12 метраў, а шырыня - больш за 20. Разам з дэкарацыямі і светлавым абсталяваннем сцяна важыць больш за 10 тон.


Яна адначасова служыць пляцоўкай для трукаў і трамплінам для скачкоў. Дарэчы, у шоу Драліён 11 унікальных акрабатычных нумароў.


Марк Шоб, мастацкі кіраўнік шоу Драліён: Для нас важна не перагружаць артыстаў. У дзень у кожнага прыкладна па 25 хвілін на рэпетыцыю. Гэта не так шмат. Да таго ж усе артысты маладыя і моцныя. Ім падабаецца такая праца.


Звычайных касметычак тут няма. Туш, памаду і цені вымяраюць скрынямі. У асабістым веданні толькі аднаго артыста больш як тры дзясяткі пэндзляў для грыму. Гэта за кулісамі. А на сцэне - грандыёзнае шоу самага знакамітага цырка ў свеце.