Трупа тэатра імя Янкі Купалы адправілася на фестываль у Пекін

26 февраля 2014
Вялікія кітайскія гастролі. Сёння трупа Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы адправілася адкрываць для сябе гледача Усходняй Азіі і давяраць яму таямніцы нацыянальнага тэатральнага мастацтва. Творчае падарожжа падоўжыцца крыху больш чым тыдзень, і ў рамках Міжнароднага тэатральнага фестывалю ў Пекіне купалаўцы дадуць два рэзанансныя спектаклі: Вяселле паводле Чэхава і Не мой паводле Адамовіча.

Паездка пройдзе ў рамках культурнага супрацоўніцтва дзвюх краін, і ў перспектыве на галоўнай тэатральнай сцэне Беларусі мы ўбачым вялікую драматычную трупу Кітая.

А сёння ў далёкае творчае падарожжа нашых артыстаў праводзіла Наталля Бардзілоўская.


Шматтонны кантэйнер з дэкарацыямі, рэквізітам і касцюмамі адправіўся ў Кітай морам яшчэ ў снежні. Учора ў Пекіне прызямлілася тэхнічная група тэатра, а сёння доўгім, з перасадкамі рэйсам Мінск - Абу-Дабі - Пекін на тэатральны фестываль у Кітайскую Народную Рэспубліку накіравалася творчая група, а дакладна амаль уся трупа Купалаўскага. І менавіта ў гэтыя хвіліны самалёт з нашымі артыстамі прызямляецца ў пекінскім аэрапорце.

Збор трупы а 11 гадзіне ля будынка тэатра. Такой колькасці пазнавальных акцёрскіх твараў і народных артыстаў (усіх разам і па-за сцэнай) цэнтр Мінска даўно не бачыў. У чамаданах абавязкова беларускае сала і чорны хлеб. Многія ўжо запасліся юанямі - кітайскай грашовай адзінкай. На такую адлегласць яшчэ ніхто не лятаў.

У Кітаі тэатр імя Янкі Купалы дэбютуе. Два творы - шэсць паказаў амаль штодзень. Вяселле паводле Чэхава на сучасны лад і аскараносная, як тут называюць, пастаноўка п'есы Не мой - гісторыя пра вайну і каханне, што ўзяла пяць лаўрэацкіх званняў Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Але як прымуць работы на Усходзе, у краіне са старажытнымі тэатральнымі традыцыямі і асаблівай філасофіяй?

Спектаклі пройдуць на беларускай мове, але з англійскімі і кітайскімі субцітрамі. Увогуле за мяжой пастаноўкі ад купалаўцаў не ўпершыню. Так, нядаўні еўрапейскі тур са спектаклем Вяселле лёг у аснову перадгісторыі сённяшніх гастроляў, пекінскіх. Прадстаўнікі Кітая ў Францыі ўбачылі спектакль у Парыжы і самі прапанавалі беларусам прыехаць у сваю краіну.

28 лютага першы спектакль беларусаў у Пекіне. Паказы пройдуць у рамках Міжнароднага тэатральнага фестывалю. Сцэна - галоўная драматычная ў Кітаі - народны мастацкі тэатр, паўстагоддзя таму заснаваны драматургам Цаа Юем. Тэатр спецыялізуецца на пастаноўках нацыянальнай драматургіі. Таму для кітайцаў беларускі візіт таксама стане адкрыццём.