Трыумфальныя гастролі Вялікага тэатра Беларусі ў Германіі і Аўстрыі завяршаюцца

21 января 2018

Трыумфальныя гастролі Вялікага тэатра Беларусі завяршаюцца. Мінуў месяц раз'ездаў па Германіі і Аўстрыі. 30 спектакляў на самых прэстыжных пляцоўках свету і еўрапейскае прызнанне. У туры салісты Вялікага тэатра знаходзяцца яшчэ з мінулага года - гастролі стартавалі ў снежні.

Як прымаюць беларускі балет у Еўропе, у чым складанасць замежных гастроляў і што адбываецца па той бок сцэны, зараз раскажа Дар'я Тарасава.

У Вялікім тэатры ведаюць, гастролі - справа дакладная, якая патрабуе добра распрацаванай лагістыкі і жорсткага распарадку. Дзень артыстаў балета ў Германіі пачынаецца ў 9:00 па мясцовым часе, і ніякіх спазненняў, усё з нямецкай пунктуальнасцю. Большую частку гастроляў трупа праводзіць у дарозе. Ад горада да горада мінімум 5 гадзін язды. З колаў адразу на тэатральныя падмосткі. У гастрольнай афішы Вялікага - класіка: "Лебядзінае возера" і "Шчаўкунчык" Пятра Ільіча Чайкоўскага, а гэта адны з самых папулярных калядных спектакляў у Еўропе.

Кожны дзень новая сцэна і новае пакрыццё. Пляцоўку артысты літаральна адчуваюць пальцамі. Гастрольны сезон адкрывалі ў баварскай сталіцы - Мюнхене. Сюды ж вярнуліся бліжэй да фіналу паездкі. Назва мясцовасці - Гаштайг, тут кіпіць музычнае жыццё горада. У будынку культурна-выставачнага цэнтра знаходзіцца Мюнхенская філармонія. Беларускі балет на філарманічнай сцэне сустракаюць бурнымі авацыямі. У зале не толькі мясцовыя. Самыя адданыя гледачы, якія з года ў год сочаць за трупай, прыехалі з Дортмунда і Штутгарта.

Наведаць паспелі і Аўстрыю. "Лебядзінае возера" паказалі на радзіме Вольфганга Амадэя Моцарта. У Зальцбургу салісты Вялікага тэатра Беларусі выступілі на сцэне кансерватыўнага "Гросес Фесшпілхаус". На хвалу не паскупіліся нават модныя тэатральныя крытыкі. Мноства водзываў пра беларускі балет зараз даступна на аўстрыйскіх і нямецкіх форумах.

Шчодрай на кампліменты апынулася публіка нямецкай Фульды. Вялікі тэатр Беларусі сабраў гледачоў у "Эсперанта Холе". Паўтары тысячы білетаў раскупілі яшчэ месяц таму. Сярэдні кошт на наш балет у Германіі - 60 еўра. Дарэчы, спектаклі тут пачынаюцца даволі позна, не раней за 20 гадзін. У некаторых тэатрах строгі дрэс-код.

Турнэ Вялікага тэатра Беларусі па гарадах Германіі па традыцыі завяршаецца серыяй спектакляў у Берліне. Фінальнае "Лебядзінае возера" дадуць у тэатры на "Патсдамер Пляц". Менавіта гэтая пляцоўка кожны люты прымае Берлінскі кінафестываль. А сам тэатр у гэты час носіць назву Палац Берлінале.

Разам з артыстамі перамяшчаецца тэхнічны персанал. Паўсотні спецыялістаў. У паездцы спектакль павінен выглядаць ідэальна, як дома.

Балет штодня адаптуюць да еўрапейскіх сцэн. За пяць гадзін да пачатку спектакля на пляцоўцы тэхнічная група - за імі мантаж і сцэнаграфія "Лебядзінага возера". Ролю іграе кожны сантыметр сцэны. З сабою ў каманды Вялікага цэлы трэйлер святлодыёднага абсталявання. У асноўным колеравае рашэнне "Лебядзінага возера" - халодныя тоны, так выйгрышна глядзяцца касцюмы артыстаў, чырвоны і жоўты выкарыстоўваюць толькі ў трэцім, кульмінацыйным акце балета.

Не сакрэт, што ў Еўропе жорсткая балетная канкурэнцыя. На адной пляцоўцы паралельна могуць даваць адразу некалькі спектакляў. Дарэчы, займець нашаму тэатру прызнаны на радзіме статус "Вялікі" ў Еўропе апынулася няпроста. Занадта шмат юрыдычных тонкасцяў. Не кідацца словам Grand, а абараніць тытул дапамаглі замежныя менеджары. Зараз на нямецкіх афішах можна ўбачыць ганарлівае званне - Вялікі.

Праз тыдзень у Вільнюсе пакажуць гучны спектакль "Вітаўт" паводле п'есы Аляксея Дударава. Пасля артысты балета адправіцца пакараць Мексіку.