"Трынаццаты цуд свету" запрашае паглядзець на светлавыя арт-аб'екты

22 ноября 2017

Да навагодніх свят яшчэ шмат часу, але ж у Мінску ўжо адчуваецца чароўная атмасфера. Трапіць у казку прапануе мастак і дызайнер з Віцебска Аляксандр Вышка. На выставе пад назвай "Трынаццаты цуд свету" для дзяцей арганізавана прастора са светлавымі арт-аб'ектамі. А дарослым прапануюць паглядзець на жывапіс і графіку. Атрымаць новыя эмоцыі і асалоду ад незвычайнага мастацтва можна да 14 студзеня ў адным з гандлёвых цэнтраў Мінска. Больш падрабязна - Ларыса Гулякевіч.

Не, гэта не пакой жахаў! Тут нараджаецца казка дзякуючы гульні святла, спецыяльных фарбаў і сіле мастацтва. Усё гэта прыдумаў віцебскі мастак Аляксандр Вышка. На працягу чатырох гадоў выношваўся праект з рознымі эксперыментамі. Акрамя мастацкіх здольнасцяў, ён выкарыстоўваў свае веды па хіміі і фізіцы.

Зразумела, але не зусім. Арт-аб'екты, якія мяняюць светлавое афармленне, мяняюць і звыклае ўяўленне аб мастацтве і яго законах.

Гульні розуму, святла і мастацтва. Спачатку экспазіцыя працуе ў звычайным светлавым рэжыме, потым ультрафіялетавым, дзе працуюць святлоадбівальныя фарбы і завяршае эфект поўная цемра, дзе прачынаюцца фарбы, якія назапашваюць святло.

Экспазіцыйная прастора падзелена на некалькі частак. Жывапіс, графіка, арт-аб'екты. Казачны пакой для дзяцей, дзе яны могуць маляваць святлом. І зона для рэлаксу.

Чаму менавіта 13-ы цуд свету? Гэтая лічба - асабістая для аўтара, тым больш што ідэя праекта нарадзілася ў кватэры пад нумарам 13.