"Трыбунал". Новае прачытанне

17 марта 2015

Напярэдадні 70-годдзя Вялікай Перамогі эпоху ваеннага ліхалецця ўзнаўляюць на падмостках. Тэатральнае асяроддзе ўспамінае нацыянальную літаратурную класіку. Ваенную драму Андрэя Макаёнка "Трыбунал" на сталічную сцэну вярнуў рэжысёр Новага драматычнага тэатра. 

На прэм'ерным паказе пабывала Юлія Лосікава.

Спектакль "Трыбунал" - прыклад сцэнічнага доўгажыхарства. У рэпертуары Купалаўскага драматычнае палатно рэжысёра Раеўскага трымалася больш за 20 гадоў. А легендарны дуэт Аўсяннікава і Макаравай цытавалі ўсе сталічныя пляцоўкі, нават сам Раеўскі аднаўляў сваю пастаноўку. Бадай толькі Новы тэатр не браўся за яе. Да сённяшняга дня.

Яшчэ два дзесяцігоддзі таму ў гэты тэатр, які знаходзіцца акурат ў прамысловым раёне, тэатралы дабіраліся рэдка. Тэатр размяшчаўся на ўскраіне горада і арыентаваўся на рабочы клас найбліжэйшых заводаў. Але пасля ўзвядзення станцыі метро і рэканструкцыі будынка на яго рэпертуар звярнулі ўвагу. Сталічная публіка збіраецца на кожную прэм’еру.

Ваенная драма ў жанры трагікамедыі. Рэжысёр Сяргей Кулікоўскі сваёй інтэрпрэтацыяй п'есы класіка Макаёнка “Трыбунал” выпрабоўвае і акцёраў, і гледачоў. Першая дзея пачынаецца з інтэрактыву. Акцёры кідаюць рэплікі ў залу. Рэжысёрская задача - атрымаць адказ.

Сімвалічная сцэнаграфія, умоўныя касцюмы і ніякіх баёў і батальных сцэн. Па задумцы творчага альянсу рэжысёра і мастака, жыццё захопленай немцамі беларускай вёскі адлюстроўвае ўнутраны свет галоўнага героя, селяніна Цярэшкі Калабка.

Сяргей Кулікоўскі адначасова з Мінскам рэжысіруе на тэатральных пляцоўках Расіі, Балгарыі і Англіі.