Тры хвіліны ў эфіры народнага шоу сталі для яго асаблівымі

23 апреля 2015

Фіналіст праекта "Я магу!" Андрэй Мартыновіч з Гродна пакарыў і гледачоў, і журы сваім дзіўным выкананнем. Як выбраць удалую песню? Сакрэтамі поспеху юны дэбютант падзяліўся з нашай здымачнай групай.

Расказвае Дзмітрый Смірноў. Менавіта з гэтай песняй Андрэй выйшаў у фінал народнага шоу "Я магу!". І пры ўсёй сур'ёзнасці тэмы кахання 17-гадовы юнак здолеў перарабіць тэкст пад сябе. Па-асабліваму. Зрабіўшы амаль асабістым кожнае слова.

І журы, і гледачы ацанілі выкананне - Андрэй у фінале шоу. Аднак, па словах яго педагога, не варта думаць, што таленавітае выкананне даецца проста. Сапраўдны артыст абавязаны быць працаголікам.

Наталля Грыдзіна, кіраўнік вакальнай студыі: "Дома ён працуе кожны дзень. Незалежна, ёсць у яго заняткі ці няма. Тых гадзін, якія мы праводзім у студыі, недастаткова для таго, каб атрымалася тое, што ёсць. Таму шмат у чым дзякуючы яму ён сам сябе зрабіў. Я карэкціравала, дапамагала як магла".

Андрэй Мартыновіч на сваю першую сцэну выйшаў тут, у вакальнай студыі "Прамень". Тут жа і ўсе тыя, хто спявае разам з ім. І, відаць, на сваім прыкладзе Андрэй пераканаўча даказаў: мары могуць здзяйсняцца.

У дзень эфіру сайт Белтэлерадыёкампаніі наведалі больш за 6 тысяч чалавек. Практычна столькі ж карыстальнікаў і ў групе прыхільнікаў "Вконтакте". А колькасць праглядаў старонкі шоу за тыдзень перавысіла 9 тысяч. Самымі актыўнымі гарадамі аказаліся Мінск, Віцебск і Бабруйск.

Рэкламная кампанія, якую правялі сябры Андрэя ў гімназіі, шмат у чым дазволіла яму прайсці ў фінал. Як гавораць самі гімназісты, кожны з іх асабіста адправіў некалькі дзясяткаў СМС.

Да фіналу засталося зусім трохі часу. Менавіта тады вырашыцца інтрыга самага народнага шоу "Я магу!". Гледачы выберуць самага таленавітага і крэатыўнага. Андрэй зараз старанна рэпеціруе. Новую песню ўжо выбраў. Спадзяецца, што менавіта яна прынясе яму ўдачу.