Тры чалавекі атрымаюць пасведчанне ганаровага грамадзяніна Мінскай вобласці

10 ноября 2015

На галоўным свяце хлебаробаў будуць ушаноўваць людзей, якія ўнеслі значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё цэнтральнага рэгіёна. Сёлета тры чалавекі атрымаюць пасведчанне ганаровага грамадзяніна Мінскай вобласці і грашовы падарунак. Сярод іх ветэран працы аграпрамысловага комплексу, брыгадзір малочнатаварнай фермы, а таксама паэт, мастак і грамадскі дзеяч. Апошні - Сяргей Давідовіч - мае статус ганаровага грамадзяніна Лагойскага раёна і імянную галерэю. Аляксандра Драгун працягне тэму.

Васьмігадовая Паліна - юная мастачка. Яе карціны пакуль упрыгожваюць хатнія і школьныя пакоі, але яна марыць выстаўляць палотны ва ўласнай галерэі, як славуты зямляк Сяргей Давідовіч. Сёння дзяўчынка пазнаёмілася з мастаком і ўразіла яго сваёй творчасцю.

Ад работніка калгаса да грамадскага дзеяча. Да звароту да мастацтва Сяргей Давідовіч працаваў шафёрам, служыў у арміі і міліцыі. Ён вырас у сялянскай сям’і, таму гісторыі з вясковага жыцця займаюць цэнтральнае месца ў творчасці.

Тры гады таму гэта была пятая імянная галерэя ў Беларусі. Нягледзячы на тое што аўтар адзін - Сяргей Давідовіч, але ў выставачных залах - літаратурныя творы, жывапіс, скульптура. На гэтых карцінах - маляўнічыя пейзажы малой радзімы мастака - лагойскай зямлі.

Ён і аўтар кніг “Нясу свой крыж”, “Горкая кропля”, “Спазнаў я тайну”. Шмат карцін прысвячае біблейскім сюжэтам. А дзевяць гадоў таму з блаславення Мітрапаліта Філарэта Сяргей Давідовіч распісаў купал храма ў гонар Пятра і Паўла, што знаходзіцца ў вёсцы Жукаўка. Ёсць у творчасці і месца алегарычным работам.

Дзясяты год у сталічным рэгіёне прысуджаюць ганаровае званне. За гэты час 14 чалавек за сваю ўзорную працу атрымалі прызнанне на абласным узроўні. У планах Сяргея Давідовіча праз колькі гадоў пашырыць галерэю, каб экспанаваць цыкл карцін, прысвечаных спорту.