Традыцыя стварэння маляваных дываноў у Глыбокімпрызнана гісторыка-культурнай каштоўнасцю

7 сентября 2019
Кожны рэгіён Беларусі  адметны па-свойму. І ў кожным  ёсць шэраг культурных з’яў, што сталі прадметам гонару і нават візітоўкай. У Глыбокім гэта маляваныя дываны. Традыцыя іх стварэння бярэ пачатак у XIX стагоддзі, а ў XXI яна прызнана гісторыка-культурнай каштоўнасцю. На майстар-клас да народнага майстра Беларусі па роспісе на палатне трапіла наш карэспандэнт Вольга Маслоўская. 

Перад майстрам Святланай Скавыркай не чорны квадрат Малевіча. Гэта космас народнага таленту, кажа мастачка, і лепшы фон для рознакаляровага ўпрыгожвання традыцыйнай маляванкі. За аснову маляванага дывана ў народнай традыцыі заўсёды бралі цёмную і самую простую тканіну - сяляне лічылі капейку. Але мастачка бачыць у гэтым больш глыбокі сэнс. 

Кветкі, птушкі, жывёлы, архітэктурныя славутасці – сюжэты малюнкаў на палатне заўсёды былі простымі і зразумелымі чалавеку. Майстар-класы па роспісе на палатне з задавальненнем наведваюць дзеці: сурвэтка, упрыгожаная пры дапамозе пэндзліка, ужо не проста сталовая бялізна, а  сувенір хэндмейд. Падчас заняткаў абавязковы расказ пра славутага земляка - мастака Язэпа Драздовіча. Не прызнаны пры жыцці, маляванкамі ён зарабляў на хлеб. У мясцовым музеі захоўваюцца яго дываны. 

Імя творцы носіць мастацкая школа ў райцэнтры. Сёння тут вучацца каля сотні юных дараванняў. 

Нават замест кнігі водгукаў ў мастацкай школе імя Драздовіча  маляванка. На ёй ганаровыя госці пакідаюць не толькі ўласны подпіс, але і частку свайго натхнення.

Традыцыя малявання па палатне, якая амаль знікла ў другой палове ХХ стагоддзя, у Глыбокім захоўваецца і перадаецца. Больш за тое, пяць гадоў таму гэты від народнай творчасці папоўніў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Некалі абавязковая дэталь упрыгожвання вясковай хаты запатрабаваная зноў: маляваныя дываны ўсё часцей можна сустрэць не толькі на выставах, а і ў жылых інтэр’ерах. 





Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя